Пра цябе, родны краю, спяваю!
Метадычна-творчая гасцёўня з такой назвай адбылася ў мінулы чацвер, 3 верасня, у раённым Цэнтры культуры. Мерапрыемства было прысвечана Дню беларускага пісьменства. Гэта свята, якое аб’ядноўвае ўсіх тых, хто любіць беларускую культуру і літаратуру, любіць беларускае слова. Штогод яно праводзіцца ў розных гарадах Беларусі з багатай гістарычнай спадчынай, якія з’яўляліся і з’яўляюцца даўнімі цэнтрамі асветы, культуры, кнігадрукавання. У гэтым годзе свята пройдзе ў г. Бялынічы Магілёўскай вобласці. У чацвер па-свойму яго святкавалі і на нашай Краснапольскай зямлі, бо яна багатая на творчых і таленавітых людзей, якія любяць сваю вялікую і малую Радзіму, паважаюць яе культурна-гістарычную спадчыну.
Так як у аснову канцэпцыі Дня беларускага пісьменства пакладзена ідэя прапаганды здабыткаў айчыннай пісьмовай культуры, вядучыя мерапрыемства прапанавалі звярнуцца да старонак гісторыі з’яўлення беларускага пісьменства і мовы, сустрэцца с творчымі носьбітамі і пераемнікамі духоўных традыцый Беларусі і нашай малой радзімы. І гэта атрымалася, бо гасцёўня сабрала спецыялістаў клубных, музейных і бібліятэчных устаноў, творчыя калектывы і асобных аматараў беларускага слова.
Культура старажытных беларускіх зямель бярэ свой пачатак ад вуснай народнай творчасці: песень, былін, легенд, прымавак, казак і загадак. Новым этапам у старажытнай культуры стала з’яўленне пісьменства. На мерапрыемстве распавялі, як гэта было.
Паглыбіцца ў свет пазнання гісторыі і развіцця пісьменства, літаратуры і асветы ўдзельнікі мерапрыемства змаглі праз гульню-конкурс “Гэта гонар твой, Беларусь”. Удзельнікам трэба было адказаць на пытанні пра людей, жыццё якіх звязана з развіццём асветы, літаратуры. Адгадвалі ўдзельнікі і загадкі, насычаныя трапнымі беларускімі выразамі.
Таксама на мерапрыемстве функцыянавала выстава выдавецкай літаратуры “Родная зямля – крыніца натхнення”, якая была аформлена па выніках творчай дзейнасці паэтычнага аб’яднання “Світанак” (кіраўнік В.А. Марчанка). Да Дня беларускага пісьменства была падрыхтавана і выстава пад назвай “Кніга сваімі рукамі”. Унікальнасць гэтай выставы ў тым, што кнігі зрабіла сваімі рукамі мастак-афарміцель раённага Цэнтра культуры Н. Саўчанка.
Удзельнікі метадычна-творчай гасцёўні атрымалі магчымасць сустрэцца з аматарамі слова, творчымі асобамі Краснапольшчыны. Сярод іх былі тыя, хто піша, думае і разважае на беларускай мове і шмат добрых слоў пакідае аб ёй, сакавітай і прыгожай. Свае вершы на беларускай мове прачыталі Г.М. Каваленка і В.А. Марчанка.
Беларускія песні, песні пра Беларусь гучалі ў той дзень у выкананні народнага ансамбля народнай песні “Шчадрэц” Краснапольскага РЦК, народнага клуба ветэранаў “Дабрыня” Краснапольскага РЦК і іншых артыстаў.
Напярэдадні Дня беларускага пісьменства паэтычным аб’яднаннем “Світанак” быў ініцыяваны літаратурны конкурс “Пра цябе, родны краю, спяваю”, які падтрымаў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама. Падчас мерапрыемства абвясцілі яго вынікі. Конкурс адбываўся па 2-х намінацыях. У першай трэба было зрабіць прызнанне ў сваіх светлых пачуццях Беларусі або сваёй малой радзіме, а ў другой – паказаць сваю ўлюблёнасць у беларускую мову. На конкурс патрапіла 16 твораў ад удзельнікаў.
Дыпломам удзельніка ў намінацыі “Мая беларуская мова” адзначан Д.У. Кустаў. Дыпломам 3-й ступені ў гэтай жа намінацыі ўзнагароджана І.А. Козічава. Г.М. Яўсеенка атрымала дыплом 2-й ступені. Дыпломам 1-й ступені ў намінацыі “Мая беларуская мова” узнагарождана В.А. Марчанка.
Наступная намінацыя – “Люблю цябе, Белая Русь”. Дыпломамі 3-й ступені былі ўзнагароджаны Д.У. Кустаў, В. Андрыянава, Д. Храмко, дыпломам 2-й ступені – Г.М. Каваленка. Лепшай у намінацыі “Люблю цябе, Белая Русь” прызнана творчасць В.А. Марчанкі.
Метадычна-творчая гасцёўня стала яшчэ адной магчымасцю адчуць асалоду ад гучання роднай мовы, запаволіць бег часу, азірнуцца вакол і разам з іншымі сказаць: “Любім цябе, Беларусь”.
Тэкст і фота Ірыны МАЛІНОЎСКАЙ.