Краснапольшчына прымала ўдзельнікаў экспедыцыі “Дарога да святыняў”
У чацвер, 3 верасня, Краснапольшчына прымала ўдзельнікаў 27-й Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў” з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга. У ліку дэлегацыі – прадстаўнікі праваслаўнага духавенства, адукацыі, культуры, пісьменнікі і паэты, журналісты, музыканты, артысты і вучоныя. Экспедыцыя адправілася ў шлях 2 верасня з г. Мінску, ад Свята-Духава кафедральнага сабора. Далейшыя прыпынкі: Святое Поле каля в. Загор’е Сталавіцкага сельсавета Баранавіцкага раёна – г. Асіповічы – г.п. Краснаполле – г. Касцюковічы – г.п. Хоцімск – г. Клімавічы. Праз гэтыя населеныя пункты ўдзельнікі экспедыцыі праносяць, акрамя Благадатнага агню ад Гроба Гасподняга, і цудатворную Загор’е-Сталавіцкую ікону Пакрову Прасвятой Багародзіцы. На маршруце экспедыцыі Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга асвячаюцца помнікі славы і мужнасці нашага народа, каля магільных пахаванняў загінуўшых воінаў і партызан служацца памінальныя ліціі. Таксама праходзяць сустрэчы з жыхарамі наведваемых вёсак, пасёлкаў і гарадоў, з насельнікамі абіцеляў, з прыхаджанамі храмаў. Экспедыцыя разлічана на пяць дзён, за гэты час яе ўдзельнікі пераадолеюць 1090 км. Завершыцца вандроўка ў г. Бялынічы, дзе ў нядзелю, 6 верасня, будзе святкавацца Дзень беларускага пісьменства.
Шаноўных гасцей Краснапольшчына сустракала (на мяжы Краснапольскага раёна) гасцінна – з хлебам-соллю. Пад час невялікага ўрачыстага мітынгу член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар С.С. Лаўшук сказаў: “Шаноўныя краснапольцы, я з вялікім задавальненнем прыехаў у гэты край. Справа ў тым, што я хачу ад імя гісторыкаў культуры зрабіць нізкі паклон вашай зямлі. Таму што ў сэнсе развіцця культуры Краснапольшчына дала вельмі і вельмі шмат…” Падставай для такіх слоў стала гісторыя ўзнікнення і развіцця Краснапольскага народнага тэатра, людзі, якія стаяць за ім: госць узгадаў братоў Шашалевічаў, В.І. Ермаловіча. Сваімі ўспамінамі пра тэатр таксама падзялілася пісьменніца Н.С. Загорская, яна ж кіраўнік 21-й Экспедыцыі (1995 – 2015 гг.), намеснік кіраўніка першай (1994), ганаровы кіраўнік Экспедыцыі, пастаянная захавальніца цудатворнай Загор’е-Сталавіцкай іконы Пакрову Прасвятой Багародзіцы, Шляхаводнай іконы “Дарогі да Святыняў”, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь.
Працяг сустрэча атрымала ў глядзельнай зале раённага Цэнтра культыры, дзе адбылася духоўна-асветніцкая канферэнцыя “Дарога да Святыняў”: Краснаполле” (паралельна духоўна-асветніцкая сустрэча праходзіла ў УА “Краснапольская раённая дзяржаўная гімназія”). Звяртаючыся да прысутных, С.С. Лаўшук адзначыў, што шмат ведае пра наш край, як спецыяліст-даследчык праблем драматургіі і тэатра. Звярнуў увагу на словы класіка нямецкай літаратуры І.В. Гётэ: “Калі вы жадаеце пабудаваць нацыянальную дзяржаву, пабудуйце спачатку нацыянальны тэатр”. У працяг сваёй прамовы Сцяпан Сцяпанавіч сказаў, што не ведае іншых мясцін у Беларусі, акрамя Краснапольскага раёна, які так інтэнсіўна займаўся праблемамі тэатра. І далейшыя яго словы былі прысвечаны гэтай тэме.
Кажучы пра Дзень беларускага пісьменства, падзяліўся думкамі, што гэта свята яму падабаецца больш, чым іншыя. Чаму? “Гэта свята бяссрэбранікаў, – патлумачыў свае словы.– А яшчэ гэта першае свята восені і, што знамянальна, першае свята суверэннай Беларусі”. Выказаў прамоўца сваё меркаванне і наконт сустрэчы на краснапольскай зямлі. “Добра, што вы так адказна аднесліся да гэтага святкавання, – сказаў Сцяпан Сцяпанавіч у адрас кіраўніцтва раёна, арганізатараў мерапрыемства, прысутных. – Ведаеце, гэта не прападзе ніколі. Гэта толькі здаецца, ну, сабраліся,пагаварылі, разышліся. Не. У духоўнай сяўбе нават не ведаеш, дзе і калі пойдзе здаровы, прыгожы парастак”. Прагучалі з вуснаў госця і імёны: Францыска Скарыны, аднаго з вялікіх гістарычных дзеячаў Беларусі, Івана Фёдарава, друкара. У сувязі з чым зазначыў: “Мы адносімся да еўрапейскай, можа быць, яшчэ маладой, але цывілізаванай нацыі. І гэтыя традыцыі нам трэба берагчы”.
Са свайго боку С.С. Лаўшук выказаў жаданне пазнаёміцца з творчасцю краснапольскай паэткі Валянціны Марчанка. І яна з задавальненнем прачытала для гасцей і краснапальчан некалькі сваіх вершаў. Распавяла і аб тых культурных мерапрыемствах, якія ўжо прайшлі ў гарадскім пасёлку да Дня беларускага пісьменства, у іх ліку – літаратурная гасцёўня, літаратурны конкурс. У сувязі з чым С.С. Лаўшук прапанаваў ёй падрыхтаваць матырыял пра гэтыя падзеі ў газету “Літаратура і мастацтва”, супрацоўнік якой, Янка Лайкоў, прысутнічаў на канферэнцыі. “Трэба, – так патлумачыў сваю пазіцыю.– Таму што шмат чаго робіцца, а людзі не ведаюць, думаюць, што нічога ў нашым пісьменстве не адбываецца”.
Гучалі ў фармаце канферэнцыі вершы і з вуснаў удзельнікаў экспедыцыі. Выступалі фотамастак, паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, карэспандэнт газеты “Звязда” Я.В. Пясецкі, паэт Вадзім Спрынчан (піша на беларускай, рускай і украінскай мовах), Н.С. Загорская і іншыя ўзельнікі канферэнцыі.
Аб духоўным веў размову а. Аляксандр Пачопка, протаіерэй, настаяцель храма Свц. Міколы Цудатворца в. Вялікая Ухалода Барысаўскага раёна. Адзначыў, што з сабой прывезлі дзве святыні: Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга і цудатворную Загор’е-Сталавіцкую ікону Пакрову Прасвятой Багародзіцы. А ўвогуле духоўная частка экспедыцыі складаецца з Хрснага ходу і малітвы.
Палітру выступоўцаў узбагаціў міні-канцэрт ансамбля сярэднявечнай музыкі “Вір”(г. Барысаў) у складзе паэтэсы, аўтара песень Марыны Лайковай (гітара, вакал), Васіля Лайкова (перкусія), Веранікі Лайковай (флейта). Іх выступленне было аддзякавана бурнымі апладысментамі.
Две гадзіны гамонкі праляцела непрыкметна. А ўсё дзякуючы жывой атмасферы сустрэчы, што ўжо само па сабе каштоўна: гэта пабуджае адкрываць вокны сваёй душы.
Пасля духоўна-асветніцкай канферэнцыі яе ўдзельнікі Хрэсным ходам прайшлі ад раённага Цэнтра культуры да Свята-Успенскага храма г.п. Краснаполле, дзе быў адслужаны малебен, а прыхаджанам і вернікам разданы Благадатны Агонь. Завяршылася сустрэча ўдзельнікаў экспедыцыі на краснапольскай зямлі пасадкай Сада Малітвы на тэрыторыі царквы.
Тэкст і здымкі Дзіны Манько.