“ЗНОЎ ПАСТУКАЎСЯ ВЕРШ ДА МЯНЕ…”
Зноў пастукаўся верш да мяне,
І кладуцца радкі на паперу –
І не важна – ці днём, ці у сне.
…Белы аркуш – як поле даверу.
В. Марчанка.
Такая падзея, як прысваенне Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь аматарскаму паэтычнаму аб’яднанню “Світанак” РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” наймення “народны”, падштурхнула мяне напярэдадні свята – Дня славянскага пісьменства і культуры – паразважаць разам з членамі гэтага аб’яднання, кіраўніком якога я з’яўляюся, і з вамі, чытачы, аб творчай дзейнасці свайго калектыва, літаратуры, мастацкай творчасці і паэзіі.
Аматарскае паэтычнае аб’яднанне “Світанак” было сфарміравана мною ў 2017 годзе як аб’яднанне творчых асоб Краснапольшчыны, у якіх ёсць жаданне займацца вершаскладаннем. Сёння сярод яго ўдзельнікаў Святлана Сазонава, Дзяніс Кустаў, Галіна Каваленка, Галіна Яўсеенка, Сяргей Сыранкоў, Аляксандра Амельчанка, Алёна Семуценка. Канешне, гэта людзі з розным паэтычным узроўнем і творчым вопытам, але іх аб’ядноўвае жаданне тварыць, удасканальваць сваё паэтычнае майстэрства, вучыцца адзін у аднаго і ў іншых паэтаў. А яшчэ – актывізаваць, насычаць культурнае жыццё сваёй малой радзімы Краснапольшчыны творчымі мерапрыемствамі і паэтычным словам.
Можа падацца, што ў наш прагматычны сучасны век месца для паэзіі ўжо няма, як гэта было раней.
Сапраўды, ці патрэбная яна, паэзія? Я неаднаразова цікавілася ў членаў аб’яднання “Світанак”, чаму яны бяруцца за пяро.
На думку Галіны Яўсеенка, толькі паэтычнымі радкамі і трэба маляваць навакольнае і чалавечае жыццё, бо ў ім можна знайсці столькі прыгажосці для вачэй, шчымлівасці для сэрца, усхваляванасці для душы і пачуццяў – у з’явах прыроды, у чалавечых зносінах, у думках. Галіна Мікалаеўна – чалавек з адкрытым сэрцам, уважлівая да самых дробных драбніц, яна чулліва адгукваецца на самыя розныя праяўленні прыроды і жыцця. І, зразумела, адшуквае магчымасці выказаць свае пачуцці паэтычнымі радкамі.
“Калі нешта вельмі моцна ўражвае мяне, адразу ўзнікае думка, як пра гэта сказаць паэтычна”, – гэта прызнанне Галіны Каваленка, чалавека эмацыянальнага і ўважлівага, з трапяткімі адносінамі да ўсяго прыгожага.
Такія прызнанні можна было б працягваць, аднак і так становіцца зразумела, што паэзія павінна напаўняць чалавека пачуццём прыгажосці, узвышаць чалавека над будзёнасцю, закранаць глыбіні яго душы.
У рамках аб’яднання аднадумцаў гэта зрабіць лягчэй: праз аналіз вершаў сябрамі-творцамі, праз чытанне перад аўдыторыяй, праз аналіз твораў, калі яны трапляюць на конкурсы. Такія формы работы актыўна выкарыстоўваюцца ў дзейнасці аб’яднання “Світанак”. Традыцыйнымі сталі гасцёўні да Дня беларускага пісьменства “Сэрцам роднага слова краніся”, да Міжнароднага дня роднай мовы “Не адракуся спадчыны сваёй”, да Дня праваслаўнай кнігі “Жывое слова мудрасці духоўнай”, да Дня Краснапольшчыны і Года малой радзімы “Краснапольшчына ў сэрцы маім”.
Устанавіліся і традыцыйныя раённыя конкурсы аматарскай паэтычнай творчасці: “Краснапольшчына ў сэрцы маім”, “Малая радзіма у кожнага ёсць”, “Мы на матчынай мове жывём”, “Зліваюцца славянскія вытокі”. Аб’яднанне выкарыстоўвае магчымасці ўдзелу ў конкурсах за межамі раёна. Толькі ў гэтым годзе яго члены сталі ўдзельнікамі конкурсаў Магілёўскага і Гомельскага аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзе ёсць і значны вынік – 3 месца, арганізатарамі і ўдзельнікамі міждзяржаўнага (Расія, Беларусь) праекта “Мост сяброўства “Зліваюцца славянскія вытокі”, удзельнікамі конкурса Быхаўскага раёна да 650-годдзя г. Быхава.
Такія формы дзейнасці аб’яднання – добры сродак і стымул павышэння мастацкага ўзроўню творчасці, яе развіцця, стварэння новых твораў і пошуку новых вобразаў, ацэньвання якасці верша.
На думку Святланы Сазонавай, члена абъяднання “Світанак”, сілу слова нельга недаацэньваць, а паэтычнага тым больш! У ацэньванні ж якасці вершаў яна лічыць так: “ Калі чытач адчуў тое пачуццё, якое ўклаў у верш аўтар, або здолеў убачыць апісаную карціну, значыць, верш валодае прыкметамі добрага верша”. Сама Святлана ўдумліва адносіцца да кожнага свайго твора, адшуквае добрыя сродкі мастацкай выразнасці.
У кожнага з нашых мясцовых творцаў – свае тэмы, свае паэтычныя знаходкі, свой узровень і свае чытачы. Я звяртаюся да іх – любіце і чытайце паэзію, вы абавязкова знойдзеце тое, што кране вашы думкі, душы і слых! Няхай як мага больш добрых вершаў трапляе вам на вочы, а мы, тыя, хто іх піша, з радасцю гатовыя падарыць іх вам, калі яны “зноў пастукаюцца” у нашы сэрцы.
Валянціна Марчанка.
Фота з архіва паэтычнага аб’яднання “Світанак”.