Поэт Алексей Пысин о войне и о настоящем

Иногда задумываешься, насколько люди владеют даром предвидения, способностью переживать не только за себя и своих близких, но и за судьбу всей страны. Мало того, насколько талантливо и пронзительно они стремятся обратиться к современникам и потомкам, чтобы дать совет, научить и сберечь их жизни.

В редакцию поступило письмо Виктора Артемьева, писателя и друга нашего земляка, Алексея Пысина. С нами уже давно нет поэта, но его мысли, рассуждения, его стихи продолжают оставаться актуальными. Спасибо Виктору Ивановичу за возможность раскрыть и эту грань личности поэта, которой мы делимся с читателями в день рождения знаменитого земляка.

Недзе ў канцы 70­-х гадоў паэт Аляксей Пысін, як толькі я (Віктар Арцем’еў, пісьменнік, сябар Аляксея Пысіна. – Прым. рэд.) пераступіў парог ягонай кватэры па праспекту Міра, павітаўся са мной і спытаў: “Віктар! Як ты думаеш: ці можа з’явіцца на Зямлі новы Гітлер? ” Пытанне застала мяне знянацку, але праз нейкія секунды я цвёрда адказаў на яго :

– Можа!

Аляксей Васільевіч, відаць, і чакаў такое слова. Ён падыйшоў да кніжнай паліцы, дастаў адтуль зборнік “Пойма”, разгарнуў яго на 67-­й старонцы і прачытаў такія радкі:

Няма ключа такога хітрага,
Каб адамкнуў ён склеп зямны.
Баюся ўсё ж з’яўлення Гітлера,
Пакуль жыве душа вайны.

Разважанні Віктара Арцемева аб душы вайны

Паэта, які прайшоў чатыры франты Вялікай Айчыннай вайны, быў двойчы цяжка паранены, на свае вочы бачыў пачварны твар вайны, а пазней напісаў дзясяткі, хутчэй нават сотні, вершаў­-шэдэўраў, вельмі ўжо хвалявала думка, каб тое жудаснае пекла, якое называюць Другой сусветнай вайной, не паўтарылася.

– А чорная душа вайны з Германіі перабралася ў ЗША. Амерыканскія прэзідэнты адзін за другім адкрыта заяўляюць, што ЗША будуць устанаўліваць так званую дэмакратыю ва ўсім свеце. ЗША лічаць, што іх інтарэсы знаходзяцца ў любой кропцы зямнога шара. ЗША па жывому разрэзалі СССР і Югаславію, затапілі ў крыві і агні В’етнам, Ірак, Ліван і Сірыю, шэраг краін Афрыкі… Па сцэнарыі ЦРУ праведзены контррэвалюцыі па ўстанаўленні амерыканскай дэмакратыі ў Сербіі, Грузіі, Кіргізіі, Украіне… Агучаны пагрозы і Рэспубліцы Беларусь. ЗША І НАТА рукамі ўкраінцаў вядуць вайну з Расіяй. Гэтую вайну я лічу генеральнай рэпетыцыяй па Трэцяй сусветнай вайне, а калі ЗША яе не спыняць, то яна ёй і стане. І робіцца ўсё гэта па ідэалогіі і методыцы гітлераўскага фашызму. А войны ЗША развязваюць дзеля нажывы. Захад навязвае свету псіхалогію спажыўца, псіхалогію індывідуалізма, псіхалогію бездухоўнасці, псіхалогію раба. У ЗША сёння асядае да палавіны рэсурсаў сыравіны і 40% энергарэсурсаў нашай планеты, хаця доля яе насельніцтва складае нават меней 5% жыхароў свету.

Паэзія Пысіна – запавет моладзі

Сваім паэтычным словам Аляксей Пысін папярэджваў пры жыцці і сёння кліча наш народ: “Будзьце пільнымі!”. Ён лічыў, што Вялікая Перамога над фашызмам павінна стаць урокам для моладзі, што ўсім разам трэба думаць, “як звесці чорную душу” заакіянскай карычневай чумы.

З твораў беларускіх пісьменнікаў пра вайну наймацнейшае гучанне мае паэзія Аляксея Пысіна. Яна на ўзроўні паэзіі Аляксандра Твардоўскага і Канстанціна Сіманава. У ваеннай паэзіі Пысіна столькі болю, смутку і адчаю, столькі рэчаіснасці, што ён, мабыць, пераўзышоў па праўдзівасці паказу вайны многіх беларускіх паэтаў, нават такіх, як Максім Танк і Пятрусь Броўка. 

Вось чаму выдатны беларускі празаік Віктар Карамазаў, гаворачы, што маладым патрэбна кніга, якая змагалася б за маладую душу, за яе чысціню і вышыню, прапанаваў звярнуцца да твораў паэта-­земляка: “Аляксей Пысін пісаў найбольш пра вайну, салдата­-франтавіка, але, думаю, яго ўзорная паэзія заўсёды будзе служыць больш за ўсё маладому чалавеку”.

– А чаму? Ды таму, што сваім жыццём, прыкладам сваёй асобы паэт Пысін паказвае маладым шлях, якога трэба трымацца ўсё жыццё. Паслухайце яго магутны патрыятычны верш:

Зямля, зямля! Шчаслівы лёс
Таго, хто твой араты,
Хто есць твой хлеб, хто п’е ваду,
Тваім паветрам дыша…
Няхай я сто зямель прайду –
Зямлі не трэба іншай.

І паэзія, і ваенны летапіс

Былы гвардыі радавы Пысін паважаў палітрукоў­-франтавікоў: “Яны першымі ішлі ў атаку на ворага, яны першымі паміралі, яны не хаваліся за спіны салдат”, – гаварыў мне не адзін раз. Пра былога палітрука Барыса Доўжыка, работніка Клімавіцкай раённай бібліятэкі, паэт напісаў верш “…Апошні снег і першы дожджык…”

Прозвішчы герояў вершаў у Пысіна ўсе сапраўдныя. Пра знакамітага партызана Рыгора Паўлава напісана “Балада пра бараду”, пра лейтэнанта Аляксандра Капусціна – верш “…Сцяжынкі лясныя стаптаны да дзір…”, радавому Мікалаю Сірацініну, які загінуў смерцю героя летам 1941 года пад Крычавам, прысвяціў верш “Артылерыст Сірацінін”, ёсць верш, прысвечаны паэту­-франтавіку Міколу Сурначову, а яшчэ верш, прысвечаны Канстанціну Сіманаву.

А колькі баёў, колькі ўзята сопак – столькі і пахаванняў:

Граната ў руках. Патрон у ствале.
Чаго нам, сябры, яшчэ не стае!
Стралковая рота сопку ўзяла.
…Пад намі зямля, над намі зямля.

Гаварыць праўду  ў творчасці і ў жыцці

Я ўсведамляў, калі паэт чытаў мне гэтыя радкі, жудасны сэнс гэтых слоў і ўсё ж не стрымаўся і спытаў: “Як разумець апошні радок, Аляксей Васільевіч?” І ён адказаў: “Так і разумей: магіла!”, – коратка патлумачыў ён і напомніў, што цэнзары доўгі час не дазвалялі верш да друку. Потым з болем нагадаў, што не вельмі лічыліся ў вайну з жыццём салдат. Выказваў і пазней не раз пратэст супраць песні, у якой сцвярджалася, што мы “за ценой не постоим…”

А на вайне як на вайне. Было і такое пад Полацкам у 1944­-м: батальён паспяхова выбіў ворага з траншэй, бліндажоў і дотаў, нават апярэдзіўшы ўзгоднены час з авіяцыяй. Самалёты спазніліся – і бомбы пасыпаліся на нашых салдат (салдат­-гвардзеец Пысін вызваляў Полацк, быў відавочцам):

Пярэдні край зламалі ўжо штыкі,
Ужо за намі бліндажы і доты.
Спазніліся сюды штурмавікі:
Пяхота абагнала самалёты.
Пакуль камбат хрысціў чыесьці душы, –
Ляглі свае… ляглі свае.

“Мне пажары, пажары ўсё сняцца”

Сваёй лірычнай паэзіяй Пысін не ўсхваляе вайну, а паказвае яе жорсткасць, тую жудасць, якую яна нясе людзям.

Антываенная лірыка Пысіна бярэ выток з уласнага яго вопыту, падзей і фактаў ягонай біяграфіі. Вось чаму чытач верыць кожнаму слову паэта. Успомнім хаця б радкі з верша “Кінаэпапея “Вялікай Айчыннай”:

На кіламетрах здымкаў франтавых
Я, можа, болей чым хто іншы бачу.
Душой я ў кожным з мёртвых і жывых…
Наступны заўтра фільм…
Пайду паплачу.

І сапраўды, паэт бачыць больш за іншых, яму не забыць жорсткае крывавае мінулае: “Мне пажары, пажары ўсё сняцца”, – гаворыць ён. Цягніком праязджае мясціны, дзе ваяваў. Іншыя пасажыры не бачаць, а ён бачыць: вось там быў бліндаж, а цяпер:

Расце трава. Цвіце язмін,
З усіх, хто едзе сёння міма,
Бліндаж той бачу я адзін.

Усе колеры, апрача чорнага

Паэт “узяў на плечы яшчэ з акопаў груз вайны”, і яго запаветная мара ў тым, “каб у чашах палігонаў жывыя кветкі расцвілі”. І яго запавет моладзі: змагаццца супраць вайны, адстаяць мір на зямлі:

Не спіце, людзі! Узніме хтось ракету, –
Не кінешся за ёю наўздагон;
Не дождж, не дождж, –  трывога б’е ў планету,
Трывога ў сэрца б’е, нібыта ў гонг.

І яшчэ, Пысін у сваіх творах выкарыстоўвае ўсе колеры, апрача чорнага, ён яго пакінуў ворагу.

Пра талент Пысіна­-лірыка сведчыць той факт, што ніхто з беларускіх паэтаў не стварыў столькі вершаў-­балад, колькі Пысін. І па якасці іх ніхто яго не абагнаў. І ў баладах пысінскае слова свеціць і нясе дабрыню, як, напрыклад, у баладзе “Матчына чаканне”:

Доўга сына чакала з вайны,
У сэрцы нылі чакання званы.
Сын вярнуўся, а маці няма,
Толькі чуе, як моліць яна:
– Прыпыні свой натомлены крок,
Не спяшайся ка мне, сынок.
Мне не будзе з табой весялей –
Дачакайся сабе дзяцей.
На магілках трава і пясок.
Ціхі голас кранае слых:
– Вучы дабрыні ўнукаў маіх,
Не спяшайся ка мне, сынок…

Аляксей Пысін – паэт душою народны… Ягоны талент магутны. Ягоная паэзія золатам зіхаціць у скарбе нацыянальнай мовы і культуры. Яна будзе жыць, пакуль жыве беларускі народ.

Гонар зямлі Краснапольскай

Святло мудрасці і таленту Аляксея Пысіна на роднай яго зямлі, Краснапольшчыне, беражліва захоўваецца і перадаецца як культурная спадчына нашым дзецям. Выдатны літаратурны музей у роднай Палужскай школе паэта можа распавесці аб гісторыі яго роду, фактах з біяграфіі, дае магчымасць дакрануцца да асабістых рэчаў паэта, у тым ліку і вайсковай пары.

Рэгіянальнае свята паэзіі “Вянок Аляксею Пысіну” – адна са штогадовых брэндавых культурных падзей Краснапольскага раёна. Фестываль паэзіі праводзіцца з 2019 года.

Творчасць Аляксея Пысіна жыве на нашай краснапольскай зямлі. Сваімі вершамі ён працягвае «сеяць вечнае», і гэта  насенне абавязкова прарасце ў сэрцах і душах яго нашчадкаў цудоўнымі кветкамі міру і дабра.

Падрыхтавала Наталля КОЗІК
па матэрыялах Віктара АРЦЕМ’ЕВА.

Поделиться с друзьями
111 просмотров