Нам засталася спадчына
«Нам засталася спадчына» – такой тэмай былі аб'яднаны кампаненты свята да ХХХ Дня беларускага пісьменства, якое адбылося на Краснапольшчыне.
Адкрыла свята і павітала краснапальчан з Днём беларускага пісьменства загадчык сектара культуры Краснапольскага райвыканкама С.М. Петрачэнка. Яна адзначыла, што свята пісьменства – цудоўная магчымасць паглыблення ў духоўную спадчыну Беларусі і роднага краю, далучэння да багатай гісторыі і культуры.
Арганізатарам свята выступіў народны літаратурны калектыў Краснапольскага РЦК “Світанак” (кіраўнік В.А. Марчанка).
У праграму свята арганічна ўпляліся экскурс у гісторыю пісьменства і літаратуры, прэзентацыя неўміручага твора Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”, сустрэча з носьбітамі народнай песні і творчымі асобамі Краснапольшчыны, выстаўкі літаратуры і народнай рамеснай творчасці, фотазоны і экскурсія ў музей.
Першаму выданню паэмы Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра” у гэтым годзе спаўняецца 500 гадоў. Прэзентацыю неўміручага твора зрабіла кіраўнік “Світанка” В.А. Марчанка. Вялікі інтарэс у слухачоў выклікала жывое гучанне ўрыўкаў з паэмы. Гэта цудоўнае адчуванне – трымаць у руках твор і чуць радкі, якім 500 гадоў!
Была звернута ўвага на тое, што тэмы і праблемы, узнятыя ў паэме, з’яўляюцца актуальнымі і сёння – тэма вайны і міру, захавання веры, згуртаванасці, нацыянальнай свядомасці народа і іншыя.
Пісьменства, родная мова, літаратура – гэта вынік працы не аднаго пакалення нашых продкаў. І абавязкам кожнага з’яўляецца захаванне культурных традыцый, звычаяў, мовы, каб яны не сышлі ў нябыт, а разам з імі і мы.
У такі святочны дзень, як Дзень беларускага пісьменства, можна пазнаёміцца і сустрэцца з творчымі асобамі, з іх творамі, думкамі.
Члены народнага літаратурнага калектыву “Світанак” падарылі слухачам свае паэтычныя радкі. Перад імі выступілі Г. Каваленка і В. Марчанка. Была прапанавана наведвальнікам свята і выстаўка выданняў па творчасці членаў “Світанка” пад назвай “Мы – часцінка Беларусі”.
А народны клуб ветэранаў “Дабрыня” (кіраўнік Л.В. Вараб’ёва) Краснапольскага РЦК, які актыўна папулярызуе беларускую традыцыйную культуру, парадаваў у гэты дзень народнымі песнямі, што яшчэ раз упэўнівала: “Песня – душа народа”.
Расквечвалі свята харэаграфічная кампазіцыя калектыву “АZART” (кіраўнік А. Качанава) і песенныя нумары на творы класікаў беларускай літаратуры і сучасных аўтараў у выкананні саліста РЦК К. Чалпанава і трыа ў складзе Г. Снытка, А. Качанавай, А. Трафімавай. З вуснаў вядучых свята А. Качанавай і П. Выганнага прагучала нямала цытат і радкоў беларускіх паэтаў-класікаў. А ўсё гэта разам упэўнівала ў багацці і прыгажосці нашай беларускай культуры.
На абуджэнне цікаўнасці да кнігі накіравана стварэнне буклукаў. Прыгожыя фота з кнігамі пад музычны фон і праз дэманстрацыю іх з экрана падарылі гледачам асалоду сустрэчы з мастацтвам і кнігай.
Як бачым, кожны мог знайсці на нашым свяце тое, што здолела б задаволіць яго інтарэс ці густ.
Краснапольскі РЦК віншуе ўсіх суайчыннікаў, землякоў, калег з ХХХ Днём беларускага пісьменства! Што пажадаць вам, дарагія сябры? Ніколі не губляйце ў сабе радасць пазнання культурна-гістарычнай спадчыны свайго народа, далучайцеся да яе намаганнямі розуму і сэрца, сваёй душы, чытайце айчынную літаратуру, размаўляйце на беларускай мове.
В. Марчанка.
Фота Аляксандры Амельчанка.