“Світанак”: новая назва і заслужанае найменне “народны”

Фото из архива

Народнаму аматарскаму паэтычнаму аб’яднанню “Світанак” Краснапольскага РЦК рашэннем калегіі ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама пацверджана найменне “народны”. А поўная назва аб’яднання “Світанак” адпаведна рашэнню калегіі цяпер будзе гучаць так: «Народны літаратурны калектыў “Світанак”».

Аматарскае паэтычнае аб’яднанне “Світанак” было створана ў 2017 годзе ў рамках сацыяльна-культурнага праекта “Краснапольшчына літаратурная”. Стваральнікам і кіраўніком аб’яднання з’яўляецца В.А. Марчанка, метадыст раённага Цэнтра культуры.

2020 год стаў асаблівым для аб’яднання “Світанак” – за значны ўклад у развіццё аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, адпаведны мастацкі ўзровень і творчыя паказчыкі яму прысвоена найменне “народны”.

“Світанак” – уладальнік узнагарод шматлікіх міжнародных, усерасійскіх і рэспубліканскіх конкурсаў, удзел у якіх стымулюе творчасць удзельнікаў літаратурнага аб’яднання, папулярызуе Краснапольшчыну і яе таленты за мяжой рэгіёна, фарміруе станоўчы імідж мясцовай культуры.

С.М. Сыранкоў

Аб’яднаннем “Світанак” былі ініцыяваны і арганізаваны раённыя і рэгіянальныя творчыя конкурсы. Сярод іх: “Прыгарні ты да сэрца Радзіму” да Дня народнага адзінства, “Пра цябе, родны край, спяваю” да Дня беларускага пісьменства, “Краснапольшчына ў сэрцы маім” да дня вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Уведзен у жыццё Краснапольшчыны і конкурс аматарскай літаратурнай творчасці “Мы на матчынай мове жывём”, прысвечаны міжнароднаму Дню роднай мовы, які набыў статус міжнароднага конкурсу і мае шырокую геаграфію ўдзельнікаў.

Штогод праводзяцца адкрытыя для шырокай аўдыторыі паэтычныя імпрэзы і творчыя сустрэчы, у тым ліку для падрастаючага пакалення.

Творча адбываюцца прэзентацыі кніг. У 2023 годзе падрыхтавана для выдання ўжо пятая кніга кіраўніка аб’яднання Валянціны Марчанка, якая выйдзе пад назвай “Свет, сатканы душой”.

Дзейнасць народнага літаратурнага калектыву “Світанак” – гэта добрая магчымасць папулярызаваць роднае слова, чытанне, гэта сродак развіцця духоўнасці, мастацкага густу, фарміравання любові да Радзімы, яднання членаў грамадства вакол культурных каштоўнасцяў, якія  і папулярызуе літаратурны калектыў “Світанак”.

Карыстаючыся момантам, хочацца падзякаваць усім членам калектыву “Світанак”, сярод якіх Г.М. Яўсеенка, Г.М. Каваленка, С.А. Сазонава, С.М. Сыранкоў, А.А. Качанава, П.У. Выганны, А.А. Канстанцінава, А.В. Амельчанка. Мы будзем рады папаўненню калектыву новымі прыхільнікамі мастацкага слова, роднай мовы.

В. Марчанка.

Поделиться с друзьями
803 просмотров