Раённая бібліятэка: цікавыя факты з гісторыі
Сваё існаванне Краснапольская цэнтральная раённая бібліятэка пачала ў 1918 г. У памяшканні, дзе зараз знаходзіцца адміністрацыя райпо (вул. Савецкая), у той час знаходзіўся райком камсамола. Адзін з пакоеў гэтай пабудовы быў адведзены пад бібліятэку, у якую былі перададзены 1005 экзэмпляраў кніг з асабістых бібліятэк паноў фон Бенкендорфа, Бібікавай, Стоша і іншых.
Першай загадчыцай раённай бібліятэкі з 1918 па 1930 гады была Зінаіда Трафімаўна Калеснікава. У той час было ўсяго 72 чытача.
На вялікі жаль, мы сёння больш нічога не ведаем аб даваенным жыцці гэтай бібліятэчнай установы.
Калі пачалася вайна, бібліятэка была знішчана і разграблена.
Толькі 10 снежня 1945 г. бібліятэка аднавіла сваю работу. Бібліятэкар Васіль Якаўлевіч Бардзілёў прыняў ад сакратара гарсавета кнігі на суму 16 рублёў. Гэта былі кнігі “Блакнот агітатара” і “Блакнот прапагандыста”. З гэтых кніг і пачалася пасляваенная гісторыя раённай бібліятэкі.
У 1946 г. на пасяджэнні райсавета было прынята рашэнне выдзеліць 1000 руб. для набыцця літаратуры. Кніжны фонд на той час знаходзіўся ў 4 шафах і складаў 2036 экзэмпляраў.Для параўнання зараз у кніжным фондзе раённая бібліятэкі больш за 60 тысяч кніг.
Разам з агульным фондам была і дзіцячая літаратура. Чытачоў было 216 чалавек. На камплектаванне кніжнага фонда адпускалася 80 руб. Першымі кнігамі былі ў асноўным сачыненні К. Маркса, Энгельса, Леніна. Мастацкай літаратуры не было зусім. У 1951г. адбылося раздзяленне дзіцячай і дарослай бібліятэк. 19 мая 1951 г. дзіцячая бібліятэка самастойна атрымала 129 кніг. Амаль усе кнігі былі на беларускай мове.
У 1954 г. кніжны фонд налічваў ужо 9087 экз. Працавалі ў бібліятэцы 5 чалавек : першы рад – бібліятэкар Раіса Васільеўна Махавікова, Васіль Якаўлевіч Бардзілеў, загадчыца Надзея Гаўрылаўна Аўдзіенкава; стаяць – загадчыца дзіцячай бібліятэкі Зоя Якаўлеўна Селівеева, бібліятэкар Марыя Цімафееўна Тарасенка.
У сакавіку 1957 г. у памяшканні райбібліятэкі адкрылася выстава выяўленчага і прыкладнога мастацтва. Выстаўлена было 100 работ мастакоў, у тым ліку крснапольскіх А.В. Паплыка і В.М. Слаўнікава.
У 1958 г. бібліятэку перавялі ў будынак Краснапольскага раённага Дома культуры.
На пачатку 1960-х гадоў бібліятэка нарэшцэ атрымала асобнае памяшканне, знешне не прывабнае, агульнай плошчай 294 м2. Загадчыцай у той час працавала Ю.Д. Карчак, загадчыца абанемента С.І. Любашэнка, бібліятэкар абанемента К.Я. Помазава.
Гісторыю раеннай бібліятэкі ва ўсе часы складалі лёсы яе супрацоўнікаў, вядомых своей адданасцю справе, павагай да кніг і мудрасці, якую яны захоўваюць.
Краснапольская цэнтральная раённая бібліятэка.