З народнай песняй у сэрцы i на вуснах

2023 год – юбілейны для Лідзіі Кузьмінічны Магілеўцавай. Ёй пройдзены шлях даўжынёй у 85 гадоў. І амаль усе гэтыя гады былі асвечаны любоўю да народнай песні, да сакавітага і ўнікальнага фальклору нашай глыбінкі –  усходняй частцы Краснапольскага раёна.

Менавіта тут, у вёсцы Горы, прайшло жыццё гераіні майго аповяду, удзельніцы народнага фальклорнага ансамбля “Горскія харашухі”.

Апошнім часам Лідзія Кузьмінічна ўжо не спявае ў калектыве, не выязджае ў творчыя вандроўкі, але яе ўнікальныя аўтэнтычныя песні жывуць, гучаць у выкананні ансамбля і яго салістак і сёння.

“Белая лябёдачка”, “Каса мая, русая каса”, “Ой, гаю мой, гаю”, “Вецер з поля”, “Купалейка”, “Дзяўчоначка па грыбы ха-дзіла”, “Удоль па вуліцы бяседа ідзе”, “Жыцечка яравое” – вось няпоўны пералік песенных жамчужын роднага краю, якія захавала і перадала сваім паслядоўнікам гэта жанчына. А колькімі дыпломамі былі адзначаны гэтыя непаўторныя творы!

Голас Лідзіі Кузьмінічны, яе спеўная манера – непаўторныя. Кожны з яе аўтэнтычных твораў багаты на дыялекты, на ўжыванне састарэлых слоў, “трасянкавай” мовы, запазычаных слоў. Яно і зразумела, творы гэтыя – старадаўнія, прайшоўшыя не праз адно пакаленне. Гэтыя творы можна даследваць і даследваць. Зрабіла свой уплыў на песенны фальклор і знаходжанне нашага рэгіёна на мяжы, дзе заўсёды адчуваецца ўзаемапранікненне культур і разам з тым абвастраецца адчуванне асаблівасцей менавіта сваёй культуры. Але пра гэта – у наступны раз. А зараз вернемся да Лідзіі Кузьмінічны.

Шмат цікавай інфармацыі пра народныя абрады і сялянскі быт, пра песенны фальклор ад яе, як носьбіта гэтых ведаў, засталося зафіксаванай ў выданнях метадычнага аддзела Краснапольскага РЦК.

Менавіта Лідзія Кузьмінічна падштурхнула да выбару назвы нашага ансамбля. Яна заўсёды перажывала, ці добра атрымалася выступіць, прыслухоўвалася да ацэнак слухачоў, а потым з задавальненнем дзялілася: “Ой, дзеўкі, усе нас хва- ляць, кажуць, што хораша, дужа хораша мы спяваем”. Вось і прыйшла думка назвацца “Харашухамі”.

А спяваюць “Горскія харашухі” з 1989 года. З першых дзён існавання ансамбля ў ім спявала і Кузьмінічна, як с павагай усе яе называлі і ў калектыве, і ў вёсцы. У 1997 годзе ансамбль атрымаў ганаровае найменне “народны” за сваё высокае выканальніцкае майстэрста. Шмат было вандровак, паездак, конкурсаў і фестываляў па розных гарадах і кутках Беларусі. Не аднойчы пабывалі ў Мінску. Удзельнічалі ў святах з прысутнасцю на іх Прэзідэнта краіны. Гэтым вельмі ганарылася Лідзія Кузьмінічна – гэта звычайная вясковая жанчына, якая, між тым, разумела і адчувала важнасць і неабходнасць захавання ўнікальнай і багатай фальклорнай спадчыны роднага краю.

А яшчэ – яна заўсёды адчувала адказнасць. Таму своечасова спяшыла на рэпетыцыі, згаджалася на дальнюю дарогу, каб прыняць удзел у фестывалях, конкурсах і святах за межамі раёна. І рабіла гэта, не гледзячы на стомленасць, ці стан здароўя, ці занятасць і гаспадарчыя клопаты.

Добра разумелі, падтрымлівалі яе захапленне песняй і аматарскай творчасцю яе дзеці і ўнукі і ганарыліся сваёй матуляй і бабуляй. Ганарацца яны ёй і зараз, бо такой удумлівай, добрай і шчырай, далікатнай і ласкавай бабулі, як кажуць, трэба яшчэ пашукаць!

Ганарацца спявачкай з вялікім і індывідуальным талентам і багаццем фальклорных песень у сэрцы і на вуснах і яе сяброўкі з народнага фальклорнага ансамбля “Горскія харашухі”.

Дарагая Лідзія Кузьмінічна, мы вельмі ўдзячны Вам за тыя часы і гады, што правялі разам, жывіце доўга і шчасліва. Мы жадаем Вам добрага здароўя і захавання таго чыстага і добрага святла, якім напоўнена Ваша душа і які Вы шчодра дарылі і дорыце людзям.

В. МАРЧАНКА,
кіраўнік народнага фальклорнага ансамбля “Горскія харашухі”.

Поделиться с друзьями
761 просмотров