Дэлегацыя з Краснапольшчыны прыняла ўдзел у міжрэгіянальным свяце-конкурсе “Зялёныя святкі”
Творчая дэлегацыя ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” у складзе ўдзельніц конкурсу ў намінацыі “Святочныя траецкія спевы” Н.Ф. Яцутка, В.А. Марчанка і майстроў раённага Дома рамёстваў В.В. Маскальковай, В.В. Андрыянавай, В.М. Шчарбаковай прыняла ўдзел у X міжрэгіянальным свяце-конкурсе “Зялёныя святкі”, прымеркаваным да свята Тройцы.
Свята-конкурс “Зялёныя святкі” ладзіцца ДУК “ЦКС Чавускага раёна” пры падтрымцы Чавускага раённага выканаўчага камітэта. А адбываецца свята ў сакральным і маляўнічым прыродным кутку ва ўрочышчы Байкава. Тут у лясным масіве ў яру б’ець з нетраў зямлі чыстая крыніца, якая ўшаноўваецца людзьмі, а яе вада кожны год на Тройцу асвячаецца і збірае да сябе многа вернікаў.
Прыцягальным з’яўляецца і само мерапрыемства “Зялёныя святкі” і для яго ўдзельнікаў, і для гледачоў, і для аматараў адпачынку на прыродзе. Арганізатары свята добра паклапаціліся пра ўмовы адпачынку: было і дзе сесці, было і што з’есці.
Конкурсы святочнай праграмы давалі магчымасць пазнаёміцца з паўзабытымі абрадамі кумлення на Тройцу, з абрадавымі стравамі, з траецкімі карагодамі і песнямі. Іх нямала прывезлі калектывы аматарскай творчасці і салісты з Чэрыкаўскага, Чавускага, Касцюковіцкага, Хоцімскага, Слаўгарадскага, Дрыбінскага, Клімавіцкага і Краснапольскага раёнаў. Адбыўся сапраўдны абмен вопытам і культурнымі здабыткамі.
У праграме свята-конкурсу – конкурсныя выступленні, канцэрт, выстаўкі рамёстваў. І, канешне, узнагароды і сувеніры ўдзельнікам і пераможцам конкурсаў.
Дыпломы ўдзельнікаў атрымалі ўсе майстры ДПМ, у тым ліку і нашы краснапольскія, якія ўпрыгожвалі свята сваёй рукатворнай творчасцю.
Ніна Фядосаўна Яцутка з аг. Пачапы нашага Краснапольскага раёна ў песеннай намінацыі конкурсу была адзначана дыпломам 1-й ступені. Яна з’яўляецца ўнікальным носьбітам фальклорнай аўтэнтычнай спадчыны. Не гледзячы на свой узрост (у наступным годзе ёй споўніцца 80 гадоў), яна помніць шмат песенных твораў, нястомна іх спявае, з’яўляецца ўдзельніцай розных культурных мерапрыемстваў і перадае сваю любоў да народнай песні сваім дочкам, сваім сяброўкам і маладзейшым удзельніцам ансамбля народнай песні “Спадчына” Пачапоўскага СДК.
Дыпломам “За захаванне і развіццё традыцый мясцовага напрамку” была ўзнагароджана Валянціна Аляксандраўна Марчанка, кіраўнік і салістка народнага фальклорнага ансамбля “Горскія харашухі” Горскага СДК.
В. МАРЧАНКА.
Фотоздымкі аўтара.