Эхо войны в истории моей семьи: "Навек застаўся маладым "

Вайна... Колькі болю, тугі, горычы і адзіноты нясе яна ў сабе... Нават праз шмат гадоў вайна малюе ў памяці лю-дзей страшныя карціны: голад, разбурэнні, смерць, страты. Усе гэтыя жудасныя ўспаміны пакідаюць велізарныя шрамы на сэрцах мільёнаў жыхароў нашай планеты.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў барацьбе з ворагам удзльнічала каля дзесяці тысяч краснапальчан. Вайна бязлітасна прайшлася па салдацкіх лёсах. Тысячы краснапальчан загінулі ў баях на франтах і ў парызанскай вайне, у падполлі. Нямала іх прапала без вестак, аказалася ў палоне, не вярнулася ў родныя месцы. Другім, як гаворыцца, «пашанцавала» прайсці вайну «ад званка да званка». Большасць атрымала на ўсё жыццё адмеціны: раненні, кантузіі, цяжкія ўспаміны пра дні, месяцы, а то і гады вымушанага палону. Не могуць забыць суровыя гады акупацыі жыхары Краснапольшчыны. Як маглi яны таксама змагалiся з няпрошанымi «гасцямi», змагалiся, каб выжыць, дапамагчы ўзброенным воiнам, партызанам знiшчаць фашыстаў.

Ф.П.Калеснікаў сярод камсамольцаў (у другім радзе другі злева), 1938 год

Сёння я хачу расказаць пра лейтэнанта Фёдара Піліпавіча Калеснікава, які загінуў у самым пачатку вайны. Але яшчэ не дапісан летапіс вайны, летапіс подзвігаў. Колькі загадак нам трэба яшчэ разгадаць?!

– У канцы 30-х гадоў у вёсцы Вялікія Хутары Фёдара Калеснікава ведалі як камсамольскага актывіста, ён узначальваў мясцовую камсамольскую арганізацыю і дапамагаў мясцовым уладам усталёўваць калгасны лад жыцця. У райкоме камсамольскай арганізацыі яго зацвердзілі нават пазаштатным інструктарам па Гарадзецкім сельскім Савеце.

Але гэта была яго грамадская работа, а па сваёй асноўнай ён быў настаўнікам і працаваў загадчыкам Лют-Будскай пачатковай школы. Днём вучыў мясцовую дзятву, а пасля ішоў да моладзі, каб бавіць з ёю час і арганізоўваць на працоўныя справы ў мясцовым калгасе. Яго пастаянным спадарожнікам была мясцовая прыгажуня, настаўніца Мядзвёдаўскай пачатковай школы Еўдакія Фёдараўна Бабічава. Так яны ішлі побач у жыцці. А ў 1938 годзе сталі мужам і жонкай. Праз год яго прызвалі на службу ў рады Чырвонай Арміі. Спачатку служыў у Полацку, а потым Фёдара Піліпавіча накіравалі ў Гомельскае кулямётнае вучылішча. Ён вырашыў прысвяціць сваё далейшае жыццё ваеннай справе, быць абаронцам Радзімы. Дамоў часта пісаў лісты, сумаваў, але запэўніваў Еўдакію Фёдараўну, што пасля заканчэння вучылішча яны будуць заўсёды разам. Да гэтага часу ўжо нарадзілася дачка. Маці гадавала яе і чакала мужа…

Зімой 1941 года ён атрымаў кароткатэрміновы водпуск, усяго на 10 дзён. Фёдар Піліпавіч прыехаў пасля навагодніх святаў. Ён сустракаўся з моладдзю, пабываў у школе, расказваў дзецям пра моц нашай арміі, якая надзейна будзе абараняць мірнае жыццё савецкага народа. Яму патрэбна было прайсці апошнюю стажыроўку, каб атрымаць афіцэрскае званне.

Перад вяртаннем на службу маладыя вырашылі сфатаграфавацца. Не ведалі яны тады, што гэта для іх будзе апошняя сустрэча. Вайна пылала ў Еўропе, германскі фашызм захапіў Францыю і замацаваўся на Балканах. Сполахі вайны былі бачны паўсюдна. На заходняй граніцы было неспакойна. 18 чэрвеня 1941 года, за тры дні да пачатку вераломнага нападку на СССР з боку фашысцкай Германіі, Фёдар Піліпавіч выклікаў для тэлефоннай размовы жонку, паведаміў, што ён паспяхова закончыў вучылішча, атрымаў званне лейтэнанта і накіроўваецца ў Брэсцкі гарнізон. А праз некалькі дзён пачалася вайна…

Невядома, ці паспеў лейтэнант Ф.П. Калеснікаў дабрацца да месца назначэння, каб стаць абаронцам крэпасці-героя. Гэта пытанне хвалюе родных і сёння, не дае спакою. Пошукі станоўчага адказу пакуль не далі, але жыццёвыя пуцявіны Фёдара Піліпавіча скончыліся ў той 1941 год.

Аб гэтым мы даведаліся з паведамлення, якое атрымала Еўдакія Фёдараўна: «Ваш муж, лейтэнант Фёдар Піліпавіч Калеснікаў, уражэнец в. В.Хутары Гарадзецкага сельскага Савета ў баі за Сацыялістычную Радзіму, верны ваеннай прысязе на фронце Айчыннай вайны, прапаў без вестак у 1941 годзе. Падстава: выпіска з загаду № 056-46 ГУК ВС СССР».

…Жыццё цэлага пакалення аддзяляе нас ад трагічных дзён пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Але і сёння каля сцен слаўнай Цытадэлі, пакрытых шрамамі і рубцамі, мы адчуваем дыханне людзей, якія груддзю сталі на абарону Радзімы, схіляем галовы перад іх адвагай і непахіснасцю.

Я ганаруся тым, што мае землякі мужна змагаліся супраць фашызму, менавіта ад іх я пераняў і ўвабраў любоў да сваёй Радзімы.

Штогод дзявятага мая ў нашай краіне праходзіць акцыя «Беларусь памятае». Сотні фатаграфій праносяць па плошчы сваякі, а разам з імі і мы, вучні сярэдняй школы гарадскога пасёлка Краснаполле. Гэта гісторыя нашага народа, гісторыя нашай краіны, гісторыя майго пасёлка. Фотаздымкі нашых землякоў, якія загінулі ў гэтай вайне, нагадваюць нам пра тое, што мы павінны берагчы крохкі мір. Прыгожыя маладыя асобы з партрэтаў – гэта летапіс народа.

Яшчэ ў нашай школе праходзіць фестываль «Песня ў салдацкім шынялі!» Мы выконваем песні на вершы вялікіх пісьменнікаў. Гэтыя песні і сёння папулярныя і любімыя народам. Яны – аб крывавых баях, аб ваенных дарогах, аб мужнасці народа, аб нашай гісторыі, звязанай са страшным словам «ВАЙНА». Наша мэта – не дапусціць гэты страшны паўтор.

Людзі, беражыце мір!

Дзяніс САРАНКОЎ,
7 «А» клас ДУА «Сярэдняя школа г.п. Краснаполле».

Поделиться с друзьями
803 просмотров