Мая “кардыяграма”: эсэ Валянціны Марчанкі да дня нараджэння Аляксея Пысіна
Рознымі шляхамі людзі прыходзяць да творчасці, у тым ліку – да паэтычнай. Розныя лёсы ў творцаў. Розныя жанры і ідэалы, розныя вобразы іх паэзіі. Але ўсё разам: светаўспрыманне чалавека, яго думкі, пачуцці, перажыванні – гэта заўсёды адкрыццё. Гэта заўсёды бачанне ў новым святле і жыцця, і гэтага чалавека. А яшчэ – гэта пазнанне сябе самога. Пэўна таму, чалавек і звяртаецца да паэзіі…
Я часта звяртаюся да творчасці паэта-зямляка Аляксея Пысіна. Сёння мне хочацца звярнуцца ўжо з новай пазіцыі – з пазіцыі ўласных “замахаў” на паэтычную творчасць. Паслухаць сваё “сэрцабіццё”, прааналізаваць сваю “кардыяграму”.
Я пачынаючы паэт, паэт-аматар Краснапольшчыны. Чым “грашаць” усе навічкі? Ім падабаецца ўласная творчасць, нават самая недасканалая.
Як жа забяспечыць свой рост у творчасці. Адзін са шляхоў – вывучэнне творчасці сапраўдных паэтаў і крытычнае ўспрыманне ўласнай.
Як працякала мая ўнутраная размова з А.В. Пысіным?
Карані яго, як і мае, на Браншчыне. Адтуль прадзед Пысіна. Я таксама нарадзілася ў Краснагорскім раёне Бранскай вобласці, там прайшло маё вясковае дзяцінства, прайшлі юнацкія гады. Ва ўзросце 23 гады я пераехала ў Беларусь, да якой прыкіпела ўсім сэрцам: да яе мовы, фальклору, укладу жыцця, да яе прыроды, адным словам, знайшла тут сваю другую вялікую і малую радзіму.
Любоў да ўсяго гэтага, да роднай мовы ды асаблівасці педагагічнай працы, працы ў сферы культуры наклалі на маю паэтычную творчасць абагульненасць, калі ты выказваешся не толькі ад свайго імя і сваёй асобы, калі пачуцці ў вершах выказваюцца “шырокімі мазкамі”. Гэтыя пачуцці высокія, важныя, напоўненыя і гонарам, і любоўю, і болем, і хваляваннямі. Да стварэння такіх твораў заклікаюць падзеі, што адбываюцца ў свеце. Адгукваешся і на тэматыку года – ці то Год малой радзімы, ці народнага адзінства, ці гістарычнай памяці, ці міру і стварэння. Як чалавек і грамадзянін, ты проста не можаш у сваёй творчасці абыйсці гэтыя тэмы. Каб не застацца паэтам адной тэмы, звяртаюся да тэмы вайны, кахання, прыроды, мовы, сяброўства народаў Расіі і Беларусі. Імкнуся праз вобразы паказаць сваё ўспрыманне свету. Такія вобразы і вершы шырока прадстаўлены ў маіх кнігах “Вам сваю завяшчаю любоў”, “Прыгарні ты да сэрца Радзіму”. Рыхтую і новую кнігу – “Свет, сатканы душой”.
І ўсё ж больш прывабнасці ў паэзіі і больш веры аўтару, калі рэаліі і пачуцці – уласна перажытыя, выкліканыя той ці іншай жыццёвай сітуацыяй.
Такое зліццё ўнутранага жыцця паэта з быццём народным выдатна праяўляецца ў творчасці А.В. Пысіна. Такія вершы набываюць праўдзівасць, становяцца філасофскі насычанымі, набываюць духоўную ёмістасць. Паэт пра сацыяльна-абагульненае гаворыць “ад сябе”, праз уласны вопыт.
У кожнага чалавека ёсць свае перажыванні і пачуцці. Сярод маіх асабістых – любоў да фальклору, у плыні якога я жыла і жыву, да прыроды, на ўлонні якой мы, вясковыя дзеці, раслі, да гэтага вясковага свету жыцця, да маці і бацькі з іх укладам і простай, яснай філасофіяй...
На гэтай аснове нарадзіліся ў мяне вершы, у якіх – мая маральная і філасофская канцэпцыя, святло маёй душы.
Сярод такіх вершаў – “Сваёй вёсцы нізка пакланюся”, “Старая бяроза”, “Пережитки времён – деревни”; “А гукі калыханкі простыя”, “Мая радзіма пахне мёдам”, “Ад калыханкі роднай маці”, “Зноўку хлеб маці ў печку адправе”, “Я пастаўлю аер на Троіцу”, “Мая душа ляціць над полем сцішаным” і іншыя.
Прызначэнне паэзіі – узняць чалавека над бытам, фарміраваць яго светапогляд. Б. Пастарнак некалі афарыстычна вызначыў: “Паэзія – у траве”, – гэта значыць, бачыць паэзію ў самым будзёным, “празаічным” жыцці.
Можна пазайздросціць Пысіну, яго тонкаму адчуванню прыроды, дзе “хітры карась затаіўся ў пастцы, мудрыя травы спяць у стагах”, або “сасна паклікала, як маці, працягла, глуха: “Аляксей””, ці “ў паветры пругкі цень вады”. Столькі дакладных, ёмістых і прыгожых вобразаў! На творчасці паэта можна вучыцца і вучыцца!
Пад уплывам такіх урокаў пачынаеш шукаць, прыслухоўвацца да ўласных пачуццяў, ствараеш новыя вобразы. Пакрысе яны ўваходзяць у тваю творчасць: “шчасце маё неспакойнае – белы пялёстак у сне”, “обручилась деревня с тоской”, “заплачу стихами”, “расстилает ржаную скатерть”, “детство – мой тёплый комочек”, “Дзясятуха – радзімка, сэрцу любая”, “не прочь полюбоваться тумана лёгкой шалью и вербочек печалью”, “полдень дышит чаборком”, “фальшивые вздохи погоды убогой”, “провода звенят цимбалами” і іншыя. Гэткія і іншыя вобразы можна знайсці ў маіх кнігах “Перламутровые росы” і “Скрыпкі маёй душы”.
Як бачыце, “кардыяграма” майго сэрцабіцця паказвае, што паэзія Аляксея Пысіна не можа пакінуць чалавека раўнадушным. Яна прымушае думаць, хвалявацца, любіць і шукаць.
Да дня нараджэння паэта – гэтыя мае радкі ў яго вянок, з удзячнасцю і гонарам за талент і жар яго сэрца, славутага сына Прыдняпроўскага краю. Буду рада і ўдзячна, калі знойдзецца той, хто напіша музыку на мае вершаваныя словы “У вянок Аляксею Пысіну”.
У ВЯНОК ПЫСІНУ
Кветкі збіраем з вялікай любоўю,
З гонарам ў сэрцы сплятаем вянок.
Славім імя незабыўнае – Пысін,
З кніг дастаём за радочкам радок.
Прыпеў:
Каб загучала ў сэрцах нанова
Пысіна слова, Пысіна слова.
Гэты вянок праз гады не завяне,
Кветкі ўплятаем – і верш, і санэт,
Сына зямлі Прыдняпроўскага краю
Шчыра радкамі малюем партрэт.
Жар свайго сэрца паэт нам пакінуў,
Кожнае слова пульсуе, як кроў,
Талент паэта – жывы, самабытны
І непаўторны, як спеў салаўёў.
Слова паэта зіхціць і струменіць,
Будзе народу служыць праз вякі.
Будуць нашчадкамі зноўку і зноўку
Ў гонар паэта сплятацца вянкі.
Валянціна Марчанка.