Конкурс аматараў літаратурнай творчасці “Мы на матчынай мове жывём” адбыўся ў Краснаполлі

Да міжнароднага Дня роднай мовы на Краснапольшчыне адбыўся III міждзяржаўны расійска-беларускі конкурс аматараў літаратурнай творчасці “Мы на матчынай мове жывём”, які штогод ладзіцца народным аматарскім паэтычным аб’яднаннем “Світанак” (кіраўнік В. А. Марчанка) Краснапольскага РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”.

У 2023 годзе на конкурс паступіла 38 твораў — 33 у вершаванай форме, 5 – у прозе. Удзельнікамі конкурсу сталі творцы з Беларусі — Краснапольскага, Быхаўскага, Крычаўскага, Чавускага раёнаў Магілёўскай вобласці, Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці, з г. Пінску Брэсцкай вобласці, з г. Гродна; творцы з Расіі — Дзяцькаўскага, Краснагорскага, Навазыбкаўскага раёнаў Бранскай вобласці.

Конкурс “Мы на матчынай мове жывём” накіраваны на папулярызацыю роднай мовы і творчасці, праяўленне і выхаванне патрыятычных пачуццяў, на ўмацаванне сяброўскіх зносін і ўзаемадзеянне культур саюзных дзяржаў.

Удзельнікі конкурсу мелі магчымасць выказаць сваю любоў да роднай мовы, да сваёй Бацькаўшчыны, праявіць свае творчыя здольнасці, пашырыць кола сяброў і творчых зносін.

Сваёй творчасцю падзяліліся як сталыя творцы, так і тыя, хто толькі спрабуе сябе ў ёй.

Лепшыя конкурсныя творы былі агучаны ў творчай гасцёўні “Не адракуся спадчыны сваёй”, дзе і былі падведзены вынікі конкурсу. Пераможцы конкурсу былі адзначаны дыпломамі I, II, III ступені, астатнія – дыпломамі ўдзельнікаў.

Дыпломамі I ступені ў намінацыі “На роднай мове гавару” у жанры “паэзія” узнагароджаны Валянціна Пранкевіч (г. Чачэрск Гомельскай вобласці) і Валянціна Марчанка (г.п. Краснаполле Магілёўскай вобласці); дыпломамі II ступені ў гэтай намінацыі – Рыта Ночкіна (в. Гарбавічы Чавускага раёна Магілёўскай вобласці) і Нэлі Грышына (пгт. Красная гара Бранскай вобласці); дыпломамі III ступені – Аляксандр Ермачэнка (г. Навазыбкаў Бранскай вобласці) і Галіна Каваленка (Краснапольскі раён Магілёўскай вобласці).

У жанры “проза” у намінацыі “На роднай мове гавару” дыпломам I ступені ўзнагароджаны Аляксандр Хандожка (пгт. Красная гара Бранскай вобласці), дыпломам II ступені – Тамара Яфімчык (Краснапольскі раён Магілёўскай вобласці).

Пераможцы ў намінацыі “Мая родная мова” не вызначаліся, так як у гэтай намінацыі былі заяўлены толькі 2 ўдзельнікі. Тое, што ўдзельнікі конкурсу аддалі перавагу намінацыі “На роднай мове гавару”, а не разважанню пра родную мову, нават радуе, гэта цудоўна – размаўляць на роднай мове, думаць на ёй, пісаць на ёй, ствараць на ёй вершы і іншыя літаратурныя творы.

А рабілі гэта ўдзельнікі конкурсу шчыра, ад усёй душы.

З хваляваннем за стан роднай мовы Валянціна Марчанка задаецца пытаннем:

Ты чаму адцураўся ад мовы
Сваёй роднай, ад мовы дзядоў?
Ці Айчына табе ўжо чужына?
Ці у венах не бацькава кроў?

У яе вершаваных радках — разважанні аб лёсе роднай мовы, свайго народа і заклік да адданасці Радзіме:

Каб не быць на зямлі пустазеллем,
Помні продкаў сваіх карані,
Будзь адданым ты маці-Радзіме,
Як святыню, яе барані.

У любові да зямлі “валошкавага поля”, якой паэтка аддае сваю душу, зямлі, дзе карані яе і доля, прызнаецца Валянціна Пранкевіч з Чачэрску, яна прысягае Радзіме на вернасць і ўпэўнена:

Жыве на свеце беларус,
Пакуль гучыць яго гаворка.

Любячая душа ўбірае ўсё, што належыць роднай зямлі, і жывець такая душа адчуваннем вечнасці – вечнасці жыцця, вечнасці Радзімы.  Гэтым адчуваннем і дыхаюць вершы Валянціны Пранкевіч.

Устала сонца – расы не стала,
Жыву, спяваю, а мне ўсё мала.
Бяжыць сцяжынка, гады і рэчка,
Усё мінае, Радзіма ж – вечна.

З любоўю апяваюць сваю зямлю, родныя краявіды Галіна Каваленка, Рыта Ночкіна, Аляксандр Ермачэнка, Кацярына Касцянкова, Ганна Клімковіч і іншыя ўдзельнікі конкурсу. Апяваюць, дыхаюць і не надыхаюцца водарам роднай зямлі і шчодра дзеляцца сваімі пачуццямі.

Вось якім бачыць свой куточак на чавускай зямлі Рыта Ночкіна.

Тут пахнуць водарам духмяным
Палі, лугі і сенакос.
Валошкі ў сінь афарбаваны,
Нібыта падаюць з нябёс.

А вось як апета краснапольская зямля ў замалёўцы Галіны Каваленка:

Сцеле барвінак прыгожыя косы,
Ззяе у жыце блакіт васількоў,
Ранак скідае празрыстыя росы,
Чуецца ў кветках гудзенне чмялёў.

Нямала вершаў было прысвечана тэме адзінства, міру на зямлі.

З хваляваннем на падзеі ў свеце адгукваюцца Нэлі Грышына, Аляксандр Ермачэнка, Валянціна Марчанка, Юлія Андрыянава.

 Гераіня верша Н. Грышынай, прысвечанага спецаперацыі на Украіне, выказвае трывогу і боль за сына, гатоўнасць маці ўзяць на сябе цяжар супрацьстаяння рэжымаў:

Я б угадывала засады,
Я не плакала бы с досады,
Я бы стала скалой неприступной,
“Смерть врагу!!!” — написала бы крупно.

Аб велічы свайго народа, сваёй краіны Расіі з гонарам распавядае Аляксандр Ермачэнка з г. Навазыбкава. Ён даслаў не толькі тэксты, але і песенныя творы на аснове сваіх вершаў. Яны прагучалі ў творчай гасцёўні падчас падвядзення вынікаў конкурсу і выклікалі шмат эмоцый слухачоў.

З конкурснымі работамі ўсех удзельнікаў можна пазнаёміцца праз іх выданне ў брашураванай форме.

Арганізатары мерапрыемства выказваюць шчырую падзяку усем вам, шаноўныя ўдзельнікі конкурсу, за адказнае стаўленне да роднай мовы, якая знайшла прытулак у вашых сэрцах, за імкненне несці ў свет прыгожыя думкі і ўзнімаць духоўнасць у грамадстве.

В. Марчанка,
кіраўнік народнага аб’яднання “Світанак”
.

Поделиться с друзьями
1 272 просмотров