Абаронцы Брэсцкай крэпасцi – нашы землякi
Я заўсёды захапляўся подзвігам абаронцаў Брэсцкай крэпасці, чытаў кнігі пісьменніка Сяргея Смірнова “Брэсцкая крэпась” і “Крэпасць над Бугам”, неаднаразова наведваў крэпасць. Мяне цікавіла пытанне: ці былі сярод абаронцаў легендарнай цытадэлі над Бугам нашы землякі – ураджэнцы Краснапольскага раёна? З літаратурных і іншых крыніц я даведаўся, што сярод слаўных сыноў Магілёўшчыны – абаронцаў Брэсцкай крэпасці быў ураджэнец вёскі Запалянне Слаўгарадскага раёна капітан Уладзімір Васільевіч Шаблоўскі і яго жонка Галіна Карнееўна Пузянкова, ураджэнка гарадского пасёлка Краснаполля, якая ўдзельнічала ў абароне крэпасці. Была пакарана смерцю за сувязь з партызанамі ў Кобрыне ў 1943 годзе.
З дапамогай супрацоўнікаў Музея абароны Брэсцкай крэпасці ўдалося выявіць, што сярод абаронцаў быў ураджэнец вёскі Буглаі Васіль Яфімавіч Казлоў. Гэта быў першы наш зямляк, пра яго я напісаў некалькі публікацый. Васіль Яфімавіч служыў у 333-м стралковым палку разам з легендарным Пецем Клыпай і яго братам старэйшым лейтэнантам Мікалаем Сяргеевічам. Параненым трапіў у палон. Быў у лагеры ваеннапалонных у Нарвегіі. Пасля заканчэння вайны вярнуўся на радзіму. У лютым 1958 года ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Пошук землякоў, абаронцаў крэпасці, прадаўжаецца і папаўняецца новымі імёнамі. Дзякуючы пошукам супрацоўнікаў ДУК “Краснапольскі гісторыка-этнаграфічны музей” стала вядома аб удзеле ў абароне крэпасці нашага земляка П.П. Кастрова. Лейтэнант Пётр Пахомавіч Кастроў з вёскі Жаліжжа служыў у чэрвені 1941 года камандзірам транспартнай роты 333-га стралковага палка, быў камендантам Брэсцкай крэпасці. Загінуў 24 кастрычніка 1944 года ў вёсцы Малы Мангушаў Варшаўскага ваяводства ў Польшчы, там жа і пахаваны.
Наступны аповед пра абаронца цытадэлі М.М. Жукава размешчаны ў газеце “Чырвоны сцяг. Краснаполле” за 19 чэрвеня 2021 года ў артыкуле В.І. Лазовіка “Тревожный рассвет”. Нарадзіўся Міхаіл Мацвеевіч у вёсцы Горы ў 1911 годзе. У час нападу 22 чэрвеня 1941 года быў дзяжурным па камендатуры НКУС Брэсцкай крэпасці. Вайну закончыў на беразе Балтыйскага мора. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За абарону Масквы”, “За ўзяцце Кенігсберга”.
У кнізе Л.В. Лабаноўскага “Вайна народная” у артыкуле “Ці быў Фёдар Калеснікаў у ліку абаронцаў Брэсцкай крэпасці?” расказваецца пра ўраджэнца вёскі Вялікія Хутары Фёдара Піліпавіча Калеснікава. Ён 18 чэрвеня 1941 года закончыў Гомельскае ваеннае вучылішча. У званні малодшага лэйтэнанта быў накіраваны ў Брэсцкі гарнізон. Невядома – даехаў ён да месца службы, ці не. У паведамленні жонцы Еўдакіі Фёдараўне Бабічавай гаворыцца, што ён прапаў без вестак у 1941 годзе. Пошук удзельнікаў абароны Брэсцкай крэпасці працягваецца.
А.І. МАРЗАЛЮК.