Аб гэтым пісала газета: каб не “распаўзалася” радыяцыя

Иллюстративное фото БЕЛТА

Чорная хмара Чарнобыля высыпала свой радыеактыўны попел на многія вёскі нашага раёна. Зараз у іх затухае жыццё, бо ўзроўні забруджанасці вялікія, і жыць людзям там небяспечна. Многія выселены поўнасцю, у некаторых яшчэ жывуць па некалькі сем’яў, у асноўным пенсіянераў. Выселеныя вёскі, па сутнасці справы засталіся без гаспадароў. А любы вакуўм, як вядома, хутка запаўняецца. Таму і пачынаюць у іх гаспадарыць людзі з нячыстым сумленнем. Нягледзячы на тое, што за падобныя дзеянні прадугледжваецца крымінальная адказнасць, паціху разбіраюць пабудовы і перавозяць іх у экалагічна чыстыя раёны, нават іншыя вобласці рэспублікі, нажываючыся на чужой бядзе. Часам бывае, што і самі былыя гаспадары пакінутых двароў праз нейкі час перавозяць лазню, пуню, “брудныя” дровы. І не разумеюць яны, якую шкоду наносяць і свайму здароўю, і здароўю сваіх дзяцей.

Якія ж меры трэба прадпрымаць, не спадзяючыся на сумленне такіх людзей? Вядома ж, самыя рашучыя. У першую чаргу трэба ахоўваць выселеныя вёскі, не дапусціць вывазу забруджаных пабудоў. Сіламі мясцовай міліцыі такую ахову арганізаваць нельга, таму і патрабавалася дапамога. І як толькі гэтыя людзі з’явіліся ў раёне, адразу папаўзлі самыя разнастайныя чуткі. Таму супрацоўніца “Голасу Краснапольшчыны” Г. Яўсеенка сустрэлася з лейтэнантам міліцыі Я.А. Зяцьковым, камандзірам прыбыўшага падраздзялення, каб расставіць усе кропкі над “і”.

– Яўген Аляксеевіч, скажыце, калі ласка, адкуль прыбыло ваша падраздзяленне і як вас называюць? Бо часмусці ў нашага насельніцтва склалася меркаванне, што вы – амонаўцы.

– Наша падраздзяленне – гэта падраздзяленне органаў унутраных спраў Віцебскай вобласці. Мы прыбылі ў ваш раён менавіта для таго, каб ахоўваць выселеныя вёскі ад незаконнага вывазу пабудоў, ад марадзёраў. Праўда, гэта слова ў даным выпадку не зусім падыходзіць, але іншае падабраць цяжка. Трэба ж неяк спыніць распаўзанне радыяцыі.

– Гэтым і абмяжоўваюцца функцыі вашага падраздзялення?

– Не толькі. Адначасова нашы людзі будуць дапамагаць падтрымліваць правапарадак у раёне, весці барацьбу са злачыннасцю. Гэта – таксама дапамога мясцовым органам міліцыі.

– Дзе ў раёне працуюць людзі вашага падраздзялення?

– Яны кантралююць практычна ўсе выселеныя вёскі, у тым ліку і тыя, дзе яшчэ застаюцца жыць па некалькі сем’яў.

– На які тэрмін вы прыехалі да нас?

– На тры месяцы. Мы працуем вахтавым спосабам. Праз тры месяцы нас заменіць іншае падраздзяленне, а мы вернемся дадому.

– За прайшоўшы час, што вы знаходзіцеся ў раёне, ці былі выяўлены факты так называемага марадзёрства?

– Пакуль не. Можна сказаць, што мы першымі яшчэ толькі прыбылі ў раён, і спатрэбіцца нейкі час на тое, каб уладкавацца. Зараз нашы людзі пачалі ўжо працаваць, і не сумняваемся, што такія факты будуць. Мы абяцаем інфармаваць чытачоў раённай газеты аб нашай рабоце, аб выяўленых негатыўных фактах. Я разумею, што каб не ўзнікла лішніх крыватолкаў, людзі павінны ведаць, дзе і чым займаюцца нашы людзі.

«Голас Краснапольшчыны» № 109 за 21 снежня 1991 г.

Поделиться с друзьями
1 742 просмотров