Зберажэнне спадчыны і захаванне памяці

УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы” пачаў рэгіянальныя адборы абласнога агляду-конкурсу калектываў мастацкай творчасці і індывідуальных выканаўцаў XVI рэспубліканскага фестывалю ветэранскіх калектываў “Не стареют душой ветераны”.

24 лютага адбыўся рэгіянальны адбор для 8 раёнаў на базе Чэрыкаўскага РЦК. Сярод удзельнікаў – прадстаўнікі ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”.

З разнастайнай і шматжанравай праграмай выступіў народны клуб ветэранаў “Дабрыня”. Ён прадставіў нумары ў прапанаваных намінацыях: “Харавыя спевы”, “Ансамблі”, “Харэаграфічнае мастацтва”, “Музычна-інструментальнае мастацтва”. Сярод твораў – песні патрыятычнай тэматыкі: “Было ў салдата два полі”  (выканаўца Л. Вараб’ёва), “А маці ходзіць на курган” (дуэт), “Молитва” (выканаўца Н. Цыс), “Беларусь”, “Краснаполле” (выканаўца – хор клуба “Дабрыня”). Заўзята і па-майстэрску прадставіў беларускія найгрышы гарманіст А.І. Андрыянаў. Быў выканан і “Вянок бытавых танцаў Краснапольшчыны”.

У намінацыі “Пераемнікі пакаленняў” выступіў дуэт, які, адпаведна патрабаванням Палажэння, складаўся з выканаўцы сталага ўзросту і маладога. Пад жывы акампанемент на цымбалах Г. Шалыгінай, педагога ДШМ, верш “Мая Беларусь” чытала яго аўтар В. Марчанка (на здымку), кіраўнік народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” Краснапольскага РЦК.

Гэты нумар і быў адабраны журы для заключнага канцэрта ў г. Магілёве, які адбудзецца ў сакавіку. Ацаніла журы і дуэт у складзе Л. Вараб’ёвай і Г. Слабодчыкавай, якія пранізліва і кранальна выканалі песню “А маці ходзіць на курган”.

У артыкуле 54 абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зберажэнне спадчыны, праяўленне патрыятызму і захаванне памяці пра гістарычную мінуўшчыну абвешчана доўгам кожнага грамадзяніна.

Прыемна адчуваць сваё дачыненне да гэтай свяшчэннай справы, накіраванай на зберажэнне памяці, на патрыятычнае выхаванне.

Валянціна Марчанка.

Поделиться с друзьями
13 955 просмотров