Тут нашы каранi, гiсторыя, бацькоўскi дом
Патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення – адна з самых актуальных задач нашага часу. Менавіта яе рашэнне з’яўляецца адным з найважнейшых элементаў станаўлення грамадскай свядомасці, асновай жыццяздольнасці любога грамадства і дзяржавы, пераемнасці пакаленняў.
Любоў дзяцей да Радзімы пачынаецца з адносін да самых блізкіх людзей: бацькі, маці, дзядулі, бабулі, з любові да свайго дома, вуліцы, школы, вёскі, таго месца, дзе нарадзіўся.
З мэтай выхавання сапраўдных патрыётаў нашай краіны ў ДУА “Пачапоўскі вучэбна–педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа” вядзецца сістэматычная і мэтанакіраваная праца.
У рамках рэалізацыі праекта “Мая_Зямля_Прыдняпроўе” навучэнцы ўстановы адукацыі разам з настаўнікамі здзейснілі экскурсію па сацыякультурных аб’ектах аг. Пачапы, яшчэ раз звярнуліся да гістарычнага мінулага сваёй маленькай радзімы, ушанавалі памяць загінуўшых воінаў.
Згодна з экскурсійным маршрутам намі былі наведаны наступныя аб’екты: аддзяленне паштовай сувязі аг. Пачапы, мясцовы магазін “Родны кут”, Дом культуры і бібліятэка, конны фальварак у вёсцы Гарадзецкая, былі ўскладзены кветкі да воінскіх пахаванняў у вёсках Князёўка, Гарадзецкая, аг. Пачапы.
Што ж, а зараз мы запрашаем і чытачоў разам з намі прайсціся па нашых родных мясцінах.
Падарожжа пачынаецца з аддзялення паштовай сувязі, у будынку якога, з другога боку, знаходзіцца фельдшарска-акушэрскі пункт – бліжэйшае для мясцовых жыхароў медыцынскае падраздзяленне, куды яны могуць звярнуцца за медыцынскай дапамогай.
А наша школа пабудавана ў 1989 годзе. Для забеспячэння адукацыйна-выхаваўчага працэса выкарыстоўваюцца: бібліятэка, спартыўная зала, майстэрня для заняткаў тэхнічнай працай, камп’ютарны клас, сталовая, спартыўная комлексная пляцоўка. У бягучым годзе ўстанову адукацыі наведвалі 46 навучэнцаў.
На прышкольным участку закладзены гадавальнік пладова-ягадных культур “70 год Перамогі”, у якім растуць ядловец, кіпарысавік, парэчка, маліна, ажына, саджанцы яблынь, груш, вішняў.
Ідзем далей. Прагаладаліся? Заходзьце ў мінімаркет “Родны Кут”, дзе можна набыць усё неабходнае.
Наступны будынак – гэта мясцовая бібліятэка і дом культуры (два ў адным), дзе жыхары аграгарадка бавяць вольны час.
Побач знаходзіцца помнік загінуўшым землякам (усталяваны ў 1953 годзе), які яшчэ раз нагадвае нам імёны тых, хто не пашкадаваў свайго жыцця для нашай светлай будучыні. На нашай маленькай радзіме шмат такіх месцаў, што сведчаць аб гераізме і пакутах людзей у час ваеннага ліхалецця.
Брацкая магіла савецкіх воінаў (в. Гарадзецкая) – месца, дзе пахаваны 89 салдат, якія загінулі пры вызваленні Краснапольшчыны.
Яшчэ адзін помнік абаронцам Айчыны, тым, хто памёр ад ран і хвароб у гады Вялікай Айчыннай вайны, ёсць у весцы Князёўка, дарэчы, яна была месцам дыслакацыі эвакуацыйнага шпіталя № 1049 з 01.11.1943 па 15.02.1944 гг. Помнік усталяваны ў маі 2014 года.
Так, гэта балючая і адначасова гераічная старонка жыцця нашага аграгарадка.
Але ж рухаемся далей і запрашаем вас наведаць аграсядзібу “Маяк” у вёсцы Гарадзецкая. Дарэчы, тут жа знаходзіцца конны фальварак. Асноўнай дзейнасцю сядзібы з’яўляецца развядзенне коней і арганізацыя адпачынку для мясцовага насельніцтва, а таксама турыстаў, якія прыязджаюць у раён.
Што ж, на гэтым наша падарожжа падыйшло да канца. Мабыць, камусьці яно не спадабалася. Але ж нашы дзеці шчыра любяць свой родны куточак і вось што кажуць пра яго:
“Малая радзіма – месца, дзе жывуць мае сябры, родныя і блізкія людзі, самы дарагі для мяне чалавек, мама, якая заўсёды дапаможа. Радзіма – гэта таксама мама, якая не пакіне ў бядзе, месца, куды мы будзем вяртацца, якое застанецца з намі да канца жыцця” (вучаніца 5 класа Зубкова Аляксандра).
“…Тут я нарадзілася . Тут нарадзіўся і вырас мой бацька, тут прайшло ўсё жыццё маіх дзядулі і бабулі. Яны пакінулі мне ў спадчыну любоў да родных мясцін. І няма нічога выдатней таго пачуцця, якое ахоплівае чалавека, калі ён кажа аб сваёй малой радзіме, таму што менавіта тут яго карані, яго гісторыя, яго бацькоўскі дом. І гэты маленькі куток пачапоўскай зямлі заўсёды будзе ў маім сэрцы” (вучаніца 8 класа Барабанава Ангеліна).
“Мая малая радзіма – гэта аграгарадок Пачапы. Гэта тое самае месца, дзе я магу адчуваць сябе спакойна і свабодна. Мая малая радзіма з'яўляецца часцінкай маёй душы. Тут пражываюць шмат родных і блізкіх мне людзей. Атмасфера, якая пануе ў маёй малой радзіме, дае мне сілы рухацца наперад, усяляе надзею на поспех у маіх пачынаннях. Я люблю сваю малую радзіму” (вучаніца 11 класа Шалыгіна Яна).
Напрыканцы хацелася б дадаць, што сустрэча з незнаёмым і незвычайным заўсёды глыбока хвалюе і ўзбагачае дапытлівага чалавека. Падарожжа ў гісторыю можна параўноўваць з хвалюючай і даўно жаданай паездкай у далёкую малавядомую краіну. Але перш чым знаёміцца з гісторыяй чужых краін, неабходна спазнаць бліжэйшую мясцовасць, свой родны край, сваю малую радзіму, шукаць і бачыць яе арыгінальнасць, яе прыгажосць.
Ю. Кашчэева,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці.