Вучоны і краязнаўца
15 мая 2021 года – 80 гадоў з дня нараджэння А.П. Мельнікава, ураджэнца Краснапольскага раёна, кандыдата філасофскіх навук, дацэнта, вучонага-палітолага.
Нарадзіўся Адам Пятровіч Мельнікаў у в. Малюшына Краснапольскага раёна.
Пасля заканчэння Палужскай сярэдняй школы ў 1958 годзе працаваў рабочым на прадпрыемствах Данбаса.
У 1965 годзе закончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Працаваў сакратаром Кастрычніцкага райкома камсамола г. Мінска, рэферэнтам Мінскай гарадской арганізацыі “Веды”, кансультантам абласного Дома палітычнай асветы.
У 1973 годзе закончыў аспірантуру пры БДУ і абараніў дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата філасофскіх навук.
З’яўляецца дацэнтам кафедры паліталогіі Белдзяржуніверсітэта. Займаецца праблемамі тэорыі культуры, нацыянальных адносін, паліталогіі.
Ім апублікавана больш за 140 артыкулаў, брашур, вучэбных дапаможнікаў, у тым ліку вучэбна-метадычны дапаможнік па курсе “Паліталогія” для студэнтаў і выкладчыкаў.
У 2000 годзе ў выдавецтве “РИВШ БГУ” (г. Мінск) выйшла яго кніга “Местное самоуправление”. Гэта вучэбны дапаможнік для студэнтаў гуманітарных спецыяльнасцяў ВНУ. У кнізе разглядаюцца праблемы мясцовага кіравання і самакіравання ў краінах Амерыкі, Еўропы, Азіі, а таксама паказаны магчымасці выкарыстання іх вопыту ў Рэспубліцы Беларусь. Аўтар звяртае ўвагу на тое, што адной з найважнейшых задач нашага грамадства на сучасным этапе з’яўляецца пошук аптымальных форм і метадаў самакіравання.
Значны ўклад А.П. Мельнікаў унёс таксама ў развіццё краязнаўства на Краснапольшчыне. Ён сааўтар кнігі “Памяць. Краснапольскі раён” (Мінск, 2001).
Цэнтральная раённая бібліятэка імя М. Ткачова.