Конкурс «Жывое дрэва рамяства» адбыўся ў Краснаполлі
Конкурс “Жывое дрэва рамяства”, які ў 2021 годзе адбыўся ў трэці раз, на думку яго арганізатара, метадыста па традыцыйнай культуры Краснапольскага РЦК В.А. Марчанка, сапраўды знайшоў сваё месца ў сістэме метадычнай работы па актывізацыі дзейнасці клубных устаноў і насельніцтва ў развіцці рамёстваў і ДПМ, пацвердзіў яго неабходнасць і запатрабаванасць.
У 2021 годзе на конкурс паступіла 23 заяўкі і было прадстаўлена больш за 100 дэкаратыўных вырабаў.
Сярод удзельнікаў – 7 клубных фарміраванняў клубных устаноў раёна. Штогод якасныя работы на раённы конкурс прадстаўляюць члены гуртка “Саломка” Краснапольскага РДР.
Здзіўляюць работы канкурсантаў і іншых устаноў раёна, асабліва Краснапольскага РЦСАН і яго аддзяленняў: для пажылых людзей і інвалідаў.
Конкурсныя работы, прадстаўленыя на III раённы конкурс 2021 года, былі выкананы ў розных тэхніках і з прымяненнем розных матэрыялаў: дэкаратыўныя вырабы і прадметы побыту ў тэхніцы лозапляцення і пляцення з газетнай лазы, сувеніры ў тэхніцы саломапляцення, тэкстыльныя лялькі ў народнай традыцыі, кветкі з фоамірана і стужак, сувеніры – з нітак, тэкстылю, з прыроднага матэрыялу, упрыгожванні са скуры і меха, вышыўка атласнымі стужкамі, пано, выкананыя з талашу (абгорткі кукурузных катахоў), арганайзеры з тэкстылю, прадметы побыту, упрыгожаныя ў тэхніцы дэкупаж і інш.
Што і казаць, краснапольскія ўмельцы арыентуюцца на сучасныя ўмовы жыцця, таму лёгка спрабуюць сябе ў засваенні новых матэрыялаў і тэхналогій, змяняюць прызначэнне прадметаў.
Журы ацаніла работы ў намінацыях: “Захаванне традыцыйнасці рамяства”, “Якасць і майстэрства”, “Навізна і арыгінальнасць”, “Аўтарская распрацоўка”. Дыпломы пераможцам уручыў дырэктар Краснапольскага РЦК Ю.П. Падалякін.
Знаёміцца з дэкаратыўнымі творамі таленавітых краснапольскіх умельцаў можна да 11 лютага, бо менавіта да гэтага часу выстаўка “Жывое дрэва рамяства” будзе адкрыта для наведвальнікаў, якія могуць палюбавацца творамі, выбраць сувенір па душы і нават зрабіць заказ майстру на яго вырабленне.
В.А. Марчанка,
метадыст 1 катэгорыі па традыцыйнай культуры Краснапольскага РЦК.