Край бацькоўскі мой, мая любоў

Любоў да малой радзімы міжволі прымушае людзей шукаць сродкі  выказвання гэтага святога пачуцця. І могуць быць гэтыя сродкі самыя розныя. Раённы літаратурны конкурс аматарскай творчасці “Краснапольшчына ў сэрцы маім” дае магчымасць выказаць свае пачуцці праз мастацкае слова.

Ініцыяваны народным аматарскім паэтычным аб’яднаннем “Світанак” Краснапольскага РЦК і падтрыманы Краснапольскім раённым выканаўчым камітэтам конкурс стаў ужо традыцыйнай культурнай з’явай у Краснапольскім раёне і ў гэтым годзе адбыўся ў трэці раз.

Конкурс “Краснапольшчына ў сэрцы маім” накіраваны на памнажэнне культурна-гістарычнай спадчыны, выяўленне новых імёнаў аматараў літаратурнай творчасці, на ўздым духоўнасці і патрыятычных пачуццяў, з’яўленне новых твораў пра Краснапольшчыну – нашу малую радзіму.

У гэтым годзе на конкурс паступіла 13 конкурсных работ ад аматараў мастацкага слова, людзей, улюблёных у родны куточак. 

Што хвалюе аўтараў? Якія каштоўнасці сваёй малой радзімы яны апявалі? Якія тэмы раскрывалі?

Сярод работ ёсць тыя, што прысвечаны тэме вайны, мужнасці нашага народа, салдацкаму подзвігу. Яно і зразумела, старонкі Вялікай Айчыннай вайны ніколі не будуць забытыя, бо свяшчэнная Памяць перадаецца з пакалення ў пакаленне ў нашай краіне і ў кожнай сям’і. Гэта памяць павінна заставацца жывой, неўміручай. Гэта думка сцвярджаецца ў радках Валянціны Марчанка.

Палымяныя кветкі зноў кладзём на граніт,
Каб адчулі і дзеткі – подзвіг твой не забыт.
Хай матулі не плачуць, хай дачушкі, сыны
Неба мірнае бачаць, сняць шчаслівыя сны.

Неўміручасць гэтай памяці пацвярдзіў і ўдзел у конкурсе вучня 8 класа УА “Краснапольская раённая дзяржаўная гімназія” Казлова Івана. Яго конкурсныя работы – сачыненні “Мае прадзеды – мой гонар” і “Мой прадзед”, у якіх хлопчык распавядае пра ўдзел сваіх продкаў Кавальковых (Рыгора, Уладзіміра, Івана) у апошняй вайне. Звесткі пра іх дайшлі да Івана з расказаў маці, бабулі, з сямейнага архіва і краязнаўчай літаратуры. Хлопчык лічыць, што лепшай узнагародай прадзедам будзе захаваная аб іх памяць. Разам з роднымі ён наведвае могілкі ў вёсцы Лютня і працягвае пісаць сямейны летапіс.

Усхвалявана і з гонарам распавядае пра подзвіг салдата ў вайне і Галіна Каваленка. Яна выказвае словы ўдзячнасці і пакланення салдату Айчыны.

Салдацкім цвёрдым, смелым шагам
Прайшоў ён шлях свой баявы.
І ўзвіўся сцяг чырвоны над Рэйхстагам –
Сцяг перамогі, мужнасці, крыві.
Паклон табе, салдат Айчыны,
За поле, дзе жніво звініць,
За золак, што ўстае над роднай хатай,
За Беларусь, дзе нам спакойна жыць.

Спакойнае і мірнае жыццё на малой радзіме, прыгажосць яе прыроды, працавітыя землякі, культурныя каштоўнасці – усё гэта стала яшчэ адной тэмай твораў канкурсантаў.

Усе яны лічаць, што прыгажэй і даражэй роднай зямлі няма, аб чым з любоўю і сцвярджаюць.

Буслы, ляціце ў блакіт нябёс,
Ад крылаў белых свет  здаецца  раем.
Куды б далёка не закінуў лёс,
А прыгажэй сваёй зямлі не знаем.
          (Галіна Каваленка).

Довелось побывать мне в России,
И за морем не раз я была,
Но роднее земли и красивей
Почему-то найти не смогла.
                        (Елена Козлова).

Земля моя, сторонушка родная,
Край зелени и золотых полей,
Я по тебе скучаю, уезжая,
Пускай не насовсем,  на пару дней.
                  (Сергей Сыранков).

Васількі ўсміхаюцца ў жыце,
Я шапчу: ”Ты мяне выбачай,
Не ўмясціць у маленькае сэрца
Усю любоў да цябе, родны край”. 
                  (Валянціна Марчанка).

Малая радзіма. Здаецца, на ёй у паветры разліта асаблівая энэргія. Яна ўліваецца ў цябе, дае адчуванне сілы і абароненасці. Тут растуць знаёмыя з дзяцінства травы, мычаць каровы, пахне цёплым сырадоем, з дня ў дзень спяваюць цвіркуны. І ўсё гэта жывое, блізкае, не экраннае…

Натхнёныя малой радзімай аўтары знайшлі нямала маляўнічых паэтычных вобразаў. У іх вершах можна пачуць, як “шапочацца жыта”, “клякочуць буслы”, пачуць “дзятлаву марзянку”, пабачыць, як “васількі ўсміхаюцца ў жыце”, як  “курганы сівыя дрэмляць тут, даўнія ўспаміны берагуць” і інш.

Можна ўпэўнена сказаць, што аматарамі мастацкага слова намаляваны добры партрэт Краснапольшчыны, якая займае асаблівае месца ў сэрцы кожнага і якую яны з цеплынёй завуць сваёй любоўю, бацькоўскім краем.

Вынікі конкурсу былі падведзены 1 кастрычніка ў час правядзення мітынга, прысвечанага дню вызвалення Краснапольшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дыпломы пераможцам конкурсу ўручыў старшыня Краснапольскага раённага выканаўчага камітэта А.Л. Трушкін.

Пераможцамі сталі Д.У. Кустаў, педагог-арганізатар УА “Краснапольская раённая дзяржаўная гімназія” (дыплом III ступені), Г.М. Каваленка, член народнага аб’яднання “Світанак” (дыплом II ступені), В.А. Марчанка, кіраўнік народнага аб’яднання “Світанак” (дыплом  I ступені) (на здымку). Пераможца конкурсу Валянціна Марчанка выканала на свяце сваю аўтарскую песню “Краснаполле – радзіма мая”.

Валянціна Аляксандрава.

Поделиться с друзьями
748 просмотров