З 24 чэрвеня па 10 ліпеня праводзіцца выстава-прэзентацыя выдавецкай прадукцыі “Край, што Радзімай заву”

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – адно з галоўных святаў для беларускага народа. Яно прымушае паразважаць пра каштоўнасці сваёй краіны, зноў і зноў далучыцца да іх – да гістарычных старонак, да святой Памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і Вялікай Перамозе ў ёй, да дасягненняў краіны, да культурнай спадчыны свайго народа і, канешне, да каштоўнасцяў сваёй малой радзімы як неад’емнай самабытнай часткі  нашай краіны.

Метадычны аддзел Краснапольскага РЦК з 24 чэрвеня па 10 ліпеня праводзіць выставу-прэзентацыю выдавецкай прадукцыі “Край, што Радзімай заву”, прысвечаную Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Адзін з яе раздзелаў распавядае пра самабытныя абрады, якія яшчэ жывуць на Краснапольшчыне, пра паданні і легенды роднага краю, знаёміць з фальклорнымі песнямі, якія беражліва захоўваюцца мясцовымі спявачкамі, з асаблівасцямі народнага касцюма краснапольскага строю, з рушнікамі, з гісторыяй ганчарства, з носьбітамі фальклору і інш.

Другі раздзел выставы прадстаўляе паэтычныя творы ўдзельнікаў народнага аматарскага аб’яднання “Світанак”.

Васільковая Белая Русь –
І жытнёвая, і ільняная.
Беларусь ты мая, Беларусь,
Ты Айчына мая дарагая.
Твая чыстая мова гучыць
Песняй маці і словам Скарыны,
Твая слава далёка ляціць –
Па ўсім свеце, ў чужыя краіны…

Мы ўпэўнены, што кожны, хто звернецца да выставы, да яе твораў, атрымае сапраўднае задавальненне, каштоўны вопыт і абавязкова адчуе непаўторны гістарычны, культурны, творчы водар сваёй Радзімы – вялікай ці малой.

В. Марчанка.
Фота аўтара.

Поделиться с друзьями
349 просмотров