Далучаем дашкольнікаў да беларускай культуры

Дашкольнае дзяцінства з’яўляецца першай і вельмі важнай ступенню ў выхаванні нацыянальнай самасвядомасці дзіцяці. Менавіта дашкольны ўзрост – важнейшы перыяд станаўлення асобы, калі закладваюцца перадумовы якасцей чалавека-грамадзяніна, развіваюцца ўяўленні дзяцей аб грамадстве і культуры.

З мэтай удасканалення працы педагогаў па стварэнню прадметна-развіваючага асяроддзя, якое спрыяе далучэнню выхаванцаў да беларускай нацыянальнай культуры, у красавіку прайшоў раённы агляд-конкурс на лепшы куток беларускай культуры сярод устаноў дашкольнай адукацыі Краснапольскага раёна.

У конкурсе прынялі ўдзел усе ўстановы дашкольнай адукацыі раёна. Педагогі праявілі зацікаўленасць і творчую актыўнасць. Кожны куток стаў непаўторным і ўнікальным па-свойму.

Так, выхавацелі ДУА “Яслі-сад № 2 “Сонейка” г.п. Краснаполле”, ДУА “Яслі-сад № 3 “Каласок” г.п.Краснаполле”, ДУА “Яслі-сад №1 г.п. Краснаполле” прадставілі куткі з прадметамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: тканыя і вышытыя вырабы, кераміка, вырабы з саломы, ільну, лазы, вырабы з дрэва, беларускія народныя цацкі-свістулькі; тэматычнымі альбомамі: «Маё Краснаполле», “Архітэктурныя помнікі Беларусі”, «Нашы вялікія суайчыннікі», “Прырода Беларусі”, “Гаворым па-беларуску” і іншыя. У кутках падабраны картатэкі, дыдактычныя гульні, якія пашыраюць веды дзяцей аб  славутасцях свайго горада, раёна, вобласці, рэспублікі, геаграфічным размяшчэнні нашай краіны, беларускай сімволіцы, гераічным мінулым нашай Радзімы.  Аформлен разнастайны матэрыял па знаёмству дзяцей з дзяржаўнымі і народнымі святамі, з творамі фальклору.

Выхавацелем  ясляў-саду № 1 Т.М. Герасіменка (на здымку) распрацаваны аўтарскі дыдактычны  дапаможнік  у выглядзе вялікай кнігі «Мая Радзіма Беларусь», у якім прадстаўлены наглядны матэрыял: «Наша Спадчына», «Нацыянальнае адзенне», «Славутыя імёны Бацькаўшчыны», «Беларускія промыслы», «Святы і абрады» і іншыя.

Выкарыстанне рэсурса музейнай педагогікі ў працэсе далучэння дашкольнікаў да беларускай культуры прадэманстравалі ў ходзе конкурса выхавацелі дзіцячага сада в. Сідараўка, Горскага ВПК, ясляў-саду  №1. У гэтых установах дзейнічаюць  міні-музеі “Беларуская хатка”, у якіх выстаўлены прадметы быта нашых продкаў, вырабы нацыянальнага прыкладнога мастацтва, прадметы адзення, даўняй мэблі, прылады працы. У міні-музеях дзеці маюць магчымасць пазнаёміцца з рэчамі даўніны і параўнаць іх з сучаснымі. Дапаўняе атмасферу нацыянальнага каларыту і народная музыка, вершы беларускіх паэтаў, народныя казкі, якія падобраны і захоўваюцца на аўдыяносьбітах. Наведваючы міні-музей, дашкольнікі знаёмяцца з асаблівасцямі нацыянальнай культуры беларускага народа, яго асноўнымі рысамі характару, душы, яго гісторыяй. Дзеці могуць непасрэдна пабыць як бы “жывымі сведкамі мінулага”, усвядоміць сувязі паміж сабой і далёкімі суродзічамі.

Арыгінальна былі прадстаўлены куткі ў Казельскім, Ленінскім, Тур’яўскім, Яноўскім вучэбна-педагагічных комплексах. Напрыклад, выхавацелі Казельскага ВПК прадэманстравалі, як выкарыстоўваюць у працы па далучэнню дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры разнастайныя фальклорныя формы, творы і вершы беларускіх пісьменнікаў. Старэйшыя дашкольнікі гэтай установы прынялі ўдзел у прэзентацыі куткоў. Выразна і з вялікім захапленнем яны чыталі вершы аб сваёй Радзіме, аб роднай мове, расказвалі прыказкі і прымаўкі аб людзях працы. Бо амаль усе жанры беларускага фальклору спрыяюць развіццю мастацкіх задаткаў і здольнасцей дзяцей.

Па выніках агляду-конкурсу пераможцамі сталі:

сярод устаноў дашкольнай адукацыі горада 1 месца прысуджана ДУА “Яслі-сад № 2 “Сонейка” г.п. Краснаполле”; 2 месца – ДУА “Яслі-сад № 1 г.п. Краснаполле”; 3 месца – ДУА “Яслі-сад № 3 “Каласок” г.п. Краснаполле”; сярод сельскіх устаноў адукацыі 1 месца атрымаў дзіцячы сад в. Сідараўка, 2 месца – ДУА “Казельскі ВПК “дзіцячы сад – сярэдняя школа”, 3 месца – ДУА “Ленінскі ВПК “дзіцячы сад – сярэдняя школа”.

Перад педагогамі ўстаноў дашкольнай адукацыі нашага раёна стаіць яшчэ шмат задач. Але галоўнае, чаго яны дасягнулі ў сваёй працы – запалілі агеньчык зацікаўленасці ў вачах дзяцей, жаданне пазнаваць новае.

Прыйдзе час, і сёняшнія маленькія беларусы будуць асвойваць, зберагаць і перадаваць будучым пакаленням культурную спадчыну свайго народа, таму вельмі важна абудзіць у іх найлепшыя маральныя якасці, выхоўваць пачуццё любові і павагі да сваёй Радзімы, да яе нацыянальнай культуры.

С.В. Карнеенка,
метадыст ДУА “Краснапольскі раенны вучэбна-метадычны кабінет”.

Поделиться с друзьями
823 просмотров