Святло душы i таленту

22 сакавіка споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, нашага земляка А.В. Пысіна. Яго імя цесна звязана са сценамі Палужскай школы, у якой ён атрымаў сярэднюю адукацыю. Памяць пра паэта захоўвае створаны тут літаратурны музей.

Літаратурны музей імя Аляксея Пысіна пачаў сваю дзейнасць у 1982 годе на базе ДУА “Палужскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа”. Ля вытокаў яго стварэння стаяў былы настаўнік гісторыі. Адкрыцце музея было прымеркавана да 1-ай гадавіны з дня смерці паэта. Зараз кіраўніком музея з’яўляецца дырэктар ДУА “Палужскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа” Лідзія Мікалаеўна Пшанічнікава.

Нарадзілася Лідзія Мікалаеўна ва Украіне, у Данецкай вобласці, горад Енакіева. Яе бацькі з Краснаполля, таму, калі ей было 9 гадоў, іх сям’я пераехала сюды. На Краснапольшчыне Лідзія Мікалаеўна і пачала вывучаць беларускую мову. Прыкладна ў 8-ым класе вырашыла, што яе лёс – настаўніцтва. Пасля заканчэння школы паступіла ў Аршанскае педагагічнае вучылішча, дзе атрымала адукацыю настаўніка працоўнага навучання і чарчэння. Калі скончыла навучанне, трапіла працаваць па размеркаванню ў Беразяцкую сярэднюю школу. Там працавала 2 гады, а потым была перанакіравана ў ДУА “Палужскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа”. У той жа час паступіла на завочную форму навучання ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Абрала спецыяльнасць настаўніка беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры. Давялося працаваць намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце і намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў ДУА “Палужскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа”, а зараз ужо 9 гадоў знаходзіцца на пасадзе дырэктара гэтай установы адукацыі. Як ліча Лідзія Мікалаеўна, сучасны дырэктар – гэта і псіхолаг, і педагог, і адначасова менеджэр, таму што да дырэктара ідуць за дапамогай і настаўнікі, і вучні, і бацькі.

Як расказала Л.М. Пшанічнікава, кіраўніцтва музеем ёй было перададзена ў 1984 годзе. На той час ён знаходзіўся ў невялікім пакойчыку. Фонды былі сабраны маленькія. Таму на працягу свайго кіраўніцтва Лідзія Мікалаеўна шчыра працуе над іх аднаўленнем і папаўненнем. З часам музей быў перанесены ў кабінет беларускай мовы і доўгі перыяд знаходзіўся там. У 2002 годзе з’явілася магчымасць размясціць музей у асобным пакоі. У 2015 годзе была праведзена рэканструкцыя музея.

Музей у сучасным выглядзе – вынік мэтанакіраванай творчай пошукава-даследчай работы кіраўніка, педагагічнага і вучнеўскага калектываў. Зараз у ім прадстаўлена 6 раздзелаў экспазіцыі: “Радавод Пысіна”, “Пачатак жыццевых дарог”, “З сэрцам добрым і мужным”, “Творчы шлях паэта”, “Творчая спадчына”, “Апошнія гады жыцця”. Фонд музея налічвае 522 экспанаты, з іх 179 – навукова-дапаможнага фонда, астатнія – асноўнага фонда. Фонды музея распавядаюць пра розныя падзеі жыцця і творчасці паэта. Гэта дакументы, фотаздымкі, лісты, успаміны сяброў і паплечнікаў, зборнікі вершаў, выбраныя творы, асобныя творы з яго аўтографамі, лісты з яго асабістай перапіскі, пасведчанне аб узнагародах, пасведчанне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы, копія чырвонаармейскай кніжкі, асабістыя рэчы. Есць цікавыя экспанаты са сваей гісторыяй, сярод іх найбольш каштоўны – зборнік “Вярбовы мост”. У 1989 годзе гэта кніга была падаравана музею У. Кузмянковым. Да яго кніга трапіла ў 1980 годзе. Падчас сустрэчы з навучэнцамі паэт падарыў гэты зборнік У. Кузмянкову, які на той момант быў вучнем школы.

Шмат фотаздымкаў пісьменніка, дзе ен зняты разам з сябрамі і з сям’ей, перададзены ў фонды музея ўдавой паэта Еўдакіяй Сяменаўнай Пысінай. У працы над музеем дапамагаў і асабісты бібліеграф паэта В.І. Арцем’еў, які передаў матэрыялы і ўспаміны пра А.В. Пысіна, а таксама вельмі многа пісаў пра яго. Як распавяла кіраўнік музея, Е.С. Пысіна і В.І. Арцем’еў часта наведвалі школьны музей, сустракаліся з вучнямі школы. Узнікла ў кіраўніка музея магчымасць з вучнямі з’ездзіць у Магілеў на Польскія могілкі, дзе пахаваны паэт. Пасля гэтай падзеі Л.М. Пшанічнікава напісала верш “Даніна паваге”.

На сенняшні дзень музей – сапраўдны жывы арганізм, які ўвесь час абнаўляецца: з’яўляюцца новыя экспанаты, удасканальваюцца ранейшыя экспазіцыі, нават меняецца канцэпцыя некаторых з іх. Кіраўніком музея сумесна з настаўнікамі і вучнямі робіцца ўсе, каб сабраны матэрыял як мага больш эффектыўна працаваў на папулярызацыю беларускай літаратуры. Галоўная задача існавання музея – каб цікавасць да творчасці А. Пысіна, да яго родных мясцін не змяншалася. Пра тое, што экскурсанты пакідаюць гэтыя мясціны з незабыўнымі ўражаннямі, сведчаць запісы ў кнізе наведвальнікаў. Заўседы госці, школьнікі і людзі сталага ўзросту, якія трапляюць у музей, з захапленнем слухаюць цікавы аповед экскурсаводаў пра жыцце і творчасць нашага знакамітага земляка.

На пытанне, што прываблівае ў творчасці Аляксея Пысіна, Лідзія Мікалаеўна адказала, што гэты паэт цікавы, неардынарны, яму давалі высокую ацэнку выдатныя майстры слова такія, як Васіль Быкаў. А яшчэ, мабыць, і тое, што Пысін любіў цытаваць вядомы крылаты выраз А.С. Пушкіна. Ен нагадваў сваім сябрам: “Павага да мінулага – вось рыса, якая адрознівае адукаванасць ад дзікунства”. Паэт з павагай адносіўся да мінулага, да гісторыі і гэтаму вучыць нас, сваіх суайчыннікаў. Дарэчы, з такой жа павагай адносіцца і да сваей дзейнасці Лідзія Мікалаеўна Пшанічнікава. За шматгадовую добрасумленную працу, вялікі асабісты ўклад у захаванне літаратурна-гістарычнай спадчыны раёна і актыўную грамадзянскую пазіцыю яна была ўзнагароджана Падзячным лістом старшыні Краснапольскага раённага Савета дэпутатаў.

Ірына МАЛІНОЎСКАЯ.
Фота Рамана ЯЗЕРСКАГА.

Поделиться с друзьями
324 просмотров

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *