Мы на матчынай мове жывем

На Краснапольшчыне адбыўся II раённы конкурс аматарскай паэтычнай
творчасці “Мы на матчынай мове жывём”, прысвечаны міжнароднаму Дню роднай мовы.

Ён быў ініцыяваны і арганізаваны аматарскім паэтычным аб’яднаннем
РЦК “Світанак” (кіраўнік аб’яднання В.А. Марчанка).

Конкурс паэтычнай творчасці “Мы на матчынай мове жывём” накіраваны на папулярызацыю і падтрымку беларускай мовы, прыцягненне ўвагі да роднага слова, усведамленне моўных і культурных традыцый вялікай і малой радзімы, на развіццё паэтычнага ўзроўню паэтаў-аматараў Краснапольшчыны, стымуляванне іх творчасці.

Больш дваццаці новых конкурсных твораў, прысвечаных роднай мове, нарадзілі краснапольскія аматары паэтычнага слова. У гэтым артыкуле – агляд творчасці толькі членаў аб’яднання “Світанак”, якія сталі ўдзельнікамі конкурсу.

У вершах – замілаванне роднымі гукамі і словамі, асэнсаванне значнасці мовы як найвышэйшага культурнага здабытку беларусаў, як адметнага знака прыналежнасці да беларускай нацыі, свайго народа і сваіх продкаў. І, канешне, заклік да захавання мовы, да выкарыстання яе ў жыцці, бо толькі ад кожнага з нас залежыць, ці пачуюць мову нашых славутых продкаў наступныя пакаленні беларусаў.

“Родную мову сваю зберажы, Як песню, як цуда, Як нешта святое”,  – заклікае ў сваім вершы Дзяніс Кустаў.

У наступным вершы ён зноў упэўнівае ў неабходнасці захавання гэтай найвялікшай спадчыны – роднай мовы:

“Не адракайцеся Сваіх вы каранёў, Бо стаць манкрутамі – Паверце, вельмі лёгка. Не забывайце мовы продкаў! Хай на ёй Пяюцца песні і гучыць гаворка”.

Улюбёны ў родную мову, ён прызнаецца, што яму “не лашчыць слых чужая мова”, ён просіць:

“Паразмаўляй Са мной па-беларуску. Хачу адчуць Цяпло тваёй душы. Пяшчотна словы З вуснаў хай пальюцца Над слаўным месцам, Продкі дзе жылі”.

Валянціна Марчанка нарадзілася і ўзрасла на рускай зямлі, руская па паходжанню. Але ўсім сэрцам адданая яна беларускай культуры, яе песням, мове. У сваіх вершах яна называе іх роднымі, бо так падказвае ёй яе сэрца, перапоўненае любоўю да беларускай зямлі, дзе знайшла паэтка сваю другую радзіму. Гэту любоў можна адчуць у кожным яе вершы, кожным радку:

“Моя родная мова, Ты ў песнях і казках, Калыханках матулі, У паданнях сівых. Беларуская мова, Ты вяночак, ты краска Той зямліцы, што любім  Па апошні ўздых”.

Для беларускай мовы Валянціна Марчанка знаходзіць нямала эпітэтаў і характарыстык, а праз шчырыя прызнанні і асабістае стаўленне да яе заклікае да захавання  і карыстання, заклікае не саромецца роднай мовы:

“Яна спрадвечная, святая… Малюся небу і багам На мове роднай, беларускай. Не знікне мова, не аддам Я мову продкаў на ўміранне, Яе шаную і люблю, Як маці, бацьку ці світанне, Як Беларусь, маю зямлю”.

У яе вершах, прысвечаных мове, можна знайсці радкі аб значнасці працы асветнікаў Беларусі, простых людзей – носьбітаў мовы – у развіцці і захаванні гэтай культурнай спадчыны.

Сярод твораў паэткі можна знайсці і адрасаваныя дзецям – “Белая мая”, “Беларускай мовы словы”, “Не саромся роднай мовы” і іншыя, бо яе непакоіць стаўленне маладога пакалення да роднай беларускай мовы.

Галіна Каваленка працуе ў бібліятэцы. Любоў да роднага слова прывівае яна сваім маленькім чытачам і праз уласныя паэтычныя творы. Да конкурсу яна напісала новыя вершы – усхваляваныя, прасякнутыя любоўю і гонарам за родную мову – галоўны культурны здабытак любой нацыі.

З усёй гарачынёй свайго сэрца яна запрашае шанаваць і берагчы родную мову, як “святыню сваёй зямлі, сівую легенду жыцця”, параўноўвае мову з княгіняй і багіняй, чароўнай папараць-кветкай, з прыгажосцю краіны і самай дарагой спадчынай.

“Шануйце родную мову! Святыню сваёй зямлі, Жывое, гаворкае слова, Што продкі з вякоў бераглі”.

 А яшчэ Галіна спявае мове оду. Адзін з яе твораў так і называецца “Ода мове”.

О, мова мая, зорная! Я оду табе пяю. Ты папараць-кветка чароўная, Я шчыра цябе люблю”.

Алёна Семуценка звязала сваё прафесійнае жыццё з выкладаннем беларускай мовы. Родную мову засвойвала яна з маленства са спевамі матулі і бабулі:

“Я чула яе і ў бабуліных  песнях, Якія стварыў беларускі народ. Спявала бабуля і ў святы,  і ў будні, Спявала бабуля амаль круглы год”.

Здаецца, цяжка ўжо нешта новае сказаць пра мову – пра яе пакінуў твор ці не кожны паэт Беларусі. Але творы нашых краснапольскіх паэтаў-аматараў насычаны новымі фарбамі і адценнямі, сэнсамі і шчырымі пачуццямі.

Удзельнікі конкурсу “Мы на матчынай мове жывём” у сваіх творах дзеляцца ўспамінамі з асабістага жыцця, прысвячаюць радкі асветнікам і літаратарам, прызнаюцца ў любові да роднай зямлі і яе культурных здабыткаў, сярод якіх самы геніяльны – родная мова.

За такімі прызнаннямі адчуваецца сапраўдная любоў нашых землякоў-творцаў да роднай мовы і сваёй Айчыны.

Знаёмства з гэтымі радкамі, напісанымі сэрцам, прынясе табе, чытач, сапраўднае задавальненне, запросіць да роздуму і, магчыма, выклікае жаданне паразмаўляць на роднай мове.

Паэтычныя конкурсныя вершы ўвайшлі ў брашураванае выданне, якое можна набыць у РЦК.

 Падвядзенне вынікаў конкурсу  “Мы на матчынай мове жывём” адбудзецца 28 лютага ў творчай гасцёўні “Не адракуся спадчыны сваёй”, якая будзе ладзіцца а 10 гадзіне ў фае РЦК. Аб’яднанне “Світанак” запрашае наведаць гасцёўню ўсіх зацікаўленых роднай мовай, мастацкім словам, народнай творчасцю.

В. Аляксандрава.

Поделиться с друзьями
1 046 просмотров

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *