День белорусской письменности

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 г. № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь» Дзень беларускага пісьменства штогод адзначаецца ў нашай краіне ў першую нядзелю верасня.
Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах – цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання, месцах з багатай гістарычнай спадчынай, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў Беларусі розных часоў.
Дзень беларускага пісьменства праходзіў у наступных гарадах Беларусі:

• 1994 – Полацк
• 1995 – Тураў
• 1996 – Навагрудак
• 1997 – Нясвіж
• 1998 – Орша
• 1999 – Пінск
• 2000 – Заслаўе
• 2001 – Мсціслаў
• 2002 – Мір
• 2003 – Полацк
• 2004 – Тураў
• 2005 – Камянец
• 2006 – Паставы
• 2007 – Шклоў
• 2008 – Барысаў
• 2009 – Смаргонь
• 2010 – Хойнікі
• 2011 – Ганцавічы
• 2012 – Глыбокае
• 2013 – Быхаў
• 2014 – Заслаўе
• 2015 – Шчучын
• 2016 – Рагачоў
• 2017 – Полацк

Юбілейны дваццаць пяты Дзень беларускага пісьменства у 2018 годзе пройдзе ў кантэксце тэматыкі «Мая малая радзіма» у горадзе Іванава Брэсцкай вобласці.
Штогадова ў святочных мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства прымаюць удзел вышэйшыя афіцыйныя асобы Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі міністэрстваў, дзеячы літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, журналісты, прадстаўнікі пасольстваў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, замежныя дэлегацыі.
За час свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Святочныя мерапрыемствы праходзяць не толькі ў горадзе-сталіцы, але і па ўсёй рэспубліцы. Гэта – тэматычныя ўрокі, лекцыі, семінары, творчыя сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі культуры, педагогамі.
Сярод асноўных мерапрыемстваў Дня беларускага пісьменства:
– урачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, заснавальнікамі якога з'яўляюцца грамадскае аб'яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі», Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, іншыя зацікаўленыя;
– «круглы стол» з удзелам замежных паэтаў і пісьменнікаў, арганізатарамі якога з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі, грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі», РВУ "Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура»;
– навукова-практычная канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іншых навуковых устаноў нашай краіны;
– узнагароджванне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», накіраванага на павышэнне цікавасці дзяцей і падлеткаў да чытання, выхаванне падрастаючага пакалення на лепшых прыкладах нацыянальнай літаратуры, пошук і падтрымку таленавітай моладзі. Заснавальнікамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне», ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
Састаўной часткай Дня беларускага пісьменства традыцыйна з'яўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў» з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, у якой прымаюць удзел прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства. Экспедыцыя праходзіць па гарадах і вёсках некалькіх рэгіёнаў краіны і завяршае свой шлях у сталіцы правядзення свята.
У рамках Дня беларускага пісьменства Міністэрствам інфармацыі праводзіцца Фестываль кнігі і прэсы, на якім працуюць кніжныя выставачныя павільёны, тэматычныя кніжныя пляцоўкі, экспазіцыі рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных СМІ, гандлёвыя павільёны і палаткі. Падчас правядзення Фестывалю госці свята сустракаюцца з беларускімі літаратарамі, супрацоўнікамі выдавецтваў і рэдакцый друкаваных СМІ, праводзяцца прэзентацыі кніг і выдавецтваў, перыядычных выданняў, арганізуюцца выступленні мастацкіх калектываў і беларускіх выканаўцаў.

Поделиться с друзьями
219 просмотров

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *