“ЛІТАРАТУРНАЯ СПАДЧЫНА МІКОЛЫ ТКАЧОВА”

Літаратурную гадзіну пад такой назвай правялі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Ткачова. Яна была прысвечана 100- годдзю з дня нараджэння нашага землякапісьменніка, імя якога і носіць бібліятэка.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі не толькі супрацоўнікі ўстановы. Яшчэ былі запрошаны ветэраны раённай ветэранскай арганізацыі, выхаванцы аддзялення дзённага прабывання для маладых інвалідаў і іншыя госці.

Прысутныя былі азнаёмлены з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка. Як прагучала, Мікола Ткачоў нарадзіўся ў в. Горанка, у сялянскай сям’і. Таму, як зразумела, яму змалку давялося прайсці ўсю хлебаробную навуку: араць, баранаваць, касіць, малаціць. Усё гэта рабіла яго больш сталым і мужным, гартавала. А шчырую любоў да роднага слова, літаратуры яму прывіла яго першая настаўніца Н.П. Дабрасердава, якую ён заўсёды ўспамінаў з удзячнасцю.

Аповед пра пісьменніка суправаджаўся відыя- слайдамі. На працягу літаратурнай гадзіны яе ўдзельнікі прасачылі не толькі важныя жыццёвыя падзеі М. Ткачова: вучобу ў Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі на планава-эканамічным факультэце, службу ў арміі, удзел у Вялікай Айчыннай вайне, пераезд у Мінск і далейшы працоўны шлях, звязаны з літаратурнай творчасцю і г.д., але і  пазнаёміліся з шэрагам твораў, напісаных яго рукою. Пад час гэтага знаёмства адбылося і  абмеркаванне ўрыўка з кнігі “Дыханне агню”, да якога запрасіў М.Л. Пугачоў.

Знайшлі водгук у ўдзельнікаў мерапрыемства і словы М. Ткачова, якія ён уклаў у вусны свайго героя ў апавяданні “Пошукі скарбаў”. А  словы вось якія: “Скарбы тояцца не толькі пад зямлёй. Іх шукаюць у змаганнях, у працы, у даляглядах краю, у поціску рукі сябра і пацалунку каханай, у расінцы на пялёстку кветкі… Яны быццам зоркі-маякі на дарозе шчасця. Можа часам здарыцца, што і не дасягне чалавек таго, да чаго так стараўся ісці, але ўсё роўна будзе адчуваць сябе шчаслівым ад усведамлення, што ён шчыра ішоў, шукаў і жыў пошукамі”.

І ў гэтых глыбокіх па зместу словах – увесь М. Ткачоў. Пісьменнік і працаўнік, які знайшоў самы лепшы скарб – чалавечую любоў,  чалавечую ўдзячнасць.

Пад уражаннем пачутага, у тым ліку і народных песен мінулых часоў, прагучаўшых на мерапрыемстве ў выкананні ветэранаў народнага клуба “Дабрыня”, разыходзіліся яго ўдзельнікі. Усе былі згодны ў думцы: мы можам ганарыцца тым, што наш край – радзіма пісьменніка.

Дзіна МАНЬКО.

Поделиться с друзьями
398 просмотров

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *