ТУТ ЖЫВУ І ШЧАСЛІВА СПЯВАЮ

Пад такой назвай адбылася творчая справаздача Мхініцкага сельскага Савета і сельвыканкама, якая вылілася ў сапраўднае свята творчасці, талентаў, поспехаў, натхнення і добрага настрою.

Творчая справаздача адбылася на базе Казельскага сельскага клуба. Гэта ўстанова не так даўно размясцілася па новаму адрасу. Сёння яна знаходзіцца ў будынку былога дзіцячага садка. Рамонтныя работы тут яшчэ не завершаны, аднак клубная ўстанова ветліва расчыніла дзверы для вяскоўцаў і гасцей мерапрыемства. Трэба сказаць, што іх сабралася нямала. Сярод прысутных – старшыня раённага Савета дэпутатаў А.А. Гоман.

Старшыня сельвыканкама У.А. Сёмкін у сваім справаздачным дакладзе спыніўся на галоўных напрамках дзейнасці сельскага Савета дэпутатаў, сельскага выканаўчага камітэта, праз якія забяспечваецца ўзровень і якасць жыцця насельніцтва. Уладзімір Аляксандравіч адзначыў, што практыка паказала значнасць у вырашэнні многіх праблем і пытанняў такіх форм работы, як правядзенне сельскіх сходаў. Адзіных дзён інфармавання, “прамых і гарачых тэлефонных ліній”. Праз такія формы на працягу 2017 года было разгледжана 39 пытанняў рознай тэматыкі.

Многа ўвагі надаецца вырашэнню пытанняў сацыяльнага і культурнага жыцця аддаленых і маланаселеных вёсак, у тым ліку – праз функцыянаванне Дамоў сацыяльных паслуг (у вёсках Раманькі і Глыбаў), сацыяльна-інфармацыйнага поезда “Забота”.

Асвятляючы работу па добраўпарадкаванню і навядзенню парадка ў населеных пунктах Уладзімір Аляксандравіч адзначыў, што на тэрыторыі сельсавета было ліквідавана 62 несанкцыянаваныя свалкі, спілена 18 аварыйных дрэў, адрамантавана 3 шахтных калодзежы, добраўпарадкавана 10 воінскіх пахаванняў і 27 грамадзянскіх могілак.

З цеплынёй адгукнуўся старшыня аб тых, хто трымае свае прыдамавыя тэрыторыі ў добрым стане. Сярод такіх В.А. Любезны, В.В. Канаплёў (в. Казелле), В.В. Саранкоў, А.У. Калініч, А.А. Зуеў, В.Я. Серакоў, В.М. Акіншаў (агр. Халмы).

Словы падзякі былі выказаны і ў адрас дэпутатаў і старэйшын. Іх атрымалі Л.М. Ткачоў, А.У. Калініч, С.У. Конанава, І.М. Казлова.

Удзел у справаздачным мерапрыемстве дзіцячага калектыва ДУА “Казельскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа”, Халмянскага СДК, Казельскага СК сапраўды надалі яму творчы і святочны характар.

Прысутныя змаглі даведацца пра дзейнасць аматарскіх песенных калектываў гэтых клубных устаноў і пачуць песні ў іх выкананні.

Асноўнымі пляцоўкамі для выступлення ансамбля “Ярыца” (кіраўнік ансамбля Н. Дзегцярова) Халмянскага СДК з’яўляюцца аддаленыя вёскі, дамы сацыяльных паслуг, жніўныя палеткі, сцэна сваёй установы. Сольныя і ансамблевыя песні гэтага калектыва даўно палюбіліся жыхарам сельсавета, парадавалі і на гэты раз.

А вось калектыў Казельскага клуба з ласкавай і цёплай назвай “Сяляначка” (кіраўнік ансамбля Т.І. Акіншава) толькі набывае сваю вядомасць. І трэба сказаць, што яго выступленне на справаздачным сходзе ўразіла і тым фальклорным матэрыялам, які быў абраны, і народнай манерай спявання, і каларытам сцэнічнага вобразу.

Парадаваў землякоў майстэрскай ігрой на гармоніку В.М. Саранкоў, радзіма якога вёска Глыбаў Мхініцкага сельсавета. На яго выкананне адгукнуліся і вялікія, і малыя гледачы – пусціліся ў скокі!

Аўтару гэтага артыкулу таксама давялося далучыцца да мерапрыемства. І невыпадкова. Чытачы раённай газеты ўжо ведаюць, што мне пашчасціла ў ходзе экспедыцый адкрыць у вёсках Мхініцкага сельсавета захаваныя жыхарамі прыгожыя духоўныя аўтэнтычныя абрады “Свяча” і “Аброчны абед”. Разумееце, што я не магла прамінуць магчымасць яшчэ раз пабываць у гэтым запаветным, архаічным (у самым лепшым значэнні гэтых слоў) кутку, падзяліцца сваімі адкрыццямі і аддзячыць захавальнікаў народнай культуры – уручыць падзякі і брашураваныя выданні носьбітам абрадаў М.І. Акіншавай (в. Казелле), І.М. Казловай (агр. Халмы), В.І. Калініч (в. Буглаі).

Члены клубных фарміраванняў Казельскага СК з ліку вучняў мясцовай школы творча прадставілі некаторыя са здабыткаў даўніны. Яны прэзентавалі ганчарныя вырабы продкаў, сабраныя ў вёсках, прадметы ткацтва, вышыўкі, пляцення.

Канешне, нельга схаваць праблему старэння і знікнення вёсак. Наша маленькая радзіма таксама пакутвае з такой прычыны. Аднак, гэта наша радзіма, іншай спадчыны ў нас няма ды і не трэба. І толькі ад нас саміх залежыць, як нам жыць, якім святлом напаўняць сваё сэрца і што спяваць.

Валянціна Марчанка.

Поделиться с друзьями
185 просмотров