МОВА МАЁЙ РАДЗІМЫ
У цэнтральнай раённай бібліятэцы ім. М. Ткачова адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы. Супрацоунікамі ўстановы культуры было падрыхтавана мерапрыемства, удзельнікамі якога сталі 5 “Б” клас УА “Краснапольская раённая дзяржаўная гімназія” разам з педагогам-арганізатарам Д.У. Куставым. У якасці ганаровага госця на сустрэчы прысутнічала метадыст раённага Цэнтра культуры, а таксама знакамітая паэтка краснапольскага краю В.А. Марчанка.
З прывітальнымі словамі перад прысутнымі выступіла Валянціна Аляксандраўна Марчанка. Пачынаючы гаворку аб ролі роднай мовы ў нашым жыцці, Валянціна Аляксандраўна, звярнула ўвагу на тое, як мала падрастаючае пакаленне гаворыць па-беларуску, у асноўным, у школе на занятках беларускай мовы і літаратуры. І гэты дзень, які прысвечаны захаванню роднай мовы, адзначаюць ва ўсім свеце недарэмна. Нельга дапусціць таго, каб наша родная мова знікла наогул з зямлі, як гэта здарылася калісьці з некаторымі мовамі. І, нягледзячы на тое, што ў нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы, сваю родную мы павінны шанаваць і берагчы.
Некалькі слоў аб сваёй паэтычнай дзейнасці сказаў удзельнікам сустрэчы педагог-арганізатар і паэт Д.У. Кустаў. Ён таксама прадставіў увазе прысутных некаторыя свае вершаваныя творы, пазнаёміў са сваім зборнікам вершаў, які размяшчаецца на паліцах бібліятэкі.
Шмат беларускіх пісьменнікаў і паэтаў-суайчыннікаў успомнілі ў той дзень. Іх вершы і творы дзеці добра ведаюць і зараз.
На працягу сустрэчы ўдзельнікі паслухалі цікавую казку, прысвечаную роднай мове, паспаборнічалі ў інтэлектуальнай гульне і пазнаёміліся з выставай кніг “Багата, родная ты мова…”. А завяршылася мерапрыемства словамі:” Будзьце і вы разам з тымі, хто думае пра будучыню роднай мовы. Размаўляйце па- беларуску, бо заўтра наша мова вам, вашым дзецям і ўнукам стане неабходнай”.
А.Чарткова, ДУК “ЦБС Краснапольскага раёна”.