ЛЮБЛЮ ЦЯБЕ, МАЯ СТАРОНКА!
Пад такой звонкай назвай адбылася творчая справаздача Тур’яўскога сельскага Савета і сельвыканкама, ўдзельнікам якой стала старшыня раённага Савета дэпутатаў А.А. Гоман.
Як ужо даўно склалася на Краснапольшчыне, сход сапраўды прайшоў творча, арганізавана і даў магчымасць азірнуцца на зробленае як працоўным калектывам, так і сельскаму выканаўчаму камітэту, сельскаму Савету дэпутатаў.
Кожны з прысутных мог ацаніць дасягнутае ў сацыяльна-эканамічным развіцці, у розных сферах жыццядзейнасці, у выкананні сацыяльных стандартаў сваёй адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі і, канешне, разам з аматарамі мастацкай творчасці, далучыцца да роднага слова і песні, дакрануцца да рамеснай народнай спадчыны і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Усе установы Тур’яўскога сельскага Савета імкнуліся паказаць свае лепшыя набыткі ў прафесійнай і грамадскай справе, у мастацтве і творчасці.
Так, дырэктар ДУА “Тур’яўскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа” Ж.У. Білалава адзначыла лепшыя дасягненні вучнёўскага і педагагічнага калектываў, якія былі падмацаваны багатай слайд-прэзентацыяй і прадстаўленымі на сцэне выступленнямі яе выхаванцаў. Адгукнуўся на такую важную і запатрабаваную форму сацыяльна-культурнага ўзаемадзеяння суб’ектаў соцыума, як творчая справаздача, і калектыў ДУА “Пачапоўскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа”, якія прысвяціў свае сцэнічныя выступленні роднай старонцы.
2018 год Указам Прэзідэнта краіны абвешчаны Годам малой радзімы. Таму, пэўна, невыпадкова чырвонай ніткай тэматычнай справаздачнай праграмы прайшла тэма любові да сваёй вялікай і малой радзімы, яе народнай спадчыны, людзей, якія жывуць на ёй, клапоцяцца аб яе дабрабыце, працуюць і спяваюць.
Прысутныя на сходзе змаглі атрымаць асалоду ад выступленняў аматарскіх калектываў Пачапоўскага і Тур’яўскога СДК “Спадчына” і “Вербіца”.
Шчырымі апладысментамі былі адзначаны Людміла Каратцова, Вольга Жукава, Ніна Яцутка – салісты Пачапоўскага СДК, Зоя Смаршкова і Вольга Саранкова – салісты Тур’яўскога СДК.
Тон справаздачы задавала і якасная работа яе вядучых і арганізатараў з ліку Тур’яўскога СДК, на базе якога і адбываўся сход, і сельскага выканаўчага камітэта – З.А. Смаршковай, А.С. Трыфаненка, Марыны Трыфаненка (8 клас), намесніка старшыні сельскага Савета дэпутатаў С.В. Гіневіч, упраўляючай справамі сельвыканкама А.А. Барздовай.
Як было адзначана ў грунтоўным справаздачным дакладзе сельвыканкама, галоўнымі і важнейшымі напрамкамі дзейнасці Тур’яўскога выканкама з’яўляюцца клопат аб людзях, задавальненне іх запытаў, сацыяльная абарона, забеспячэнне ўзаемадзеяння з прадпрыемствамі і службамі раёна, раённым Саветам дэпутатаў. Гэтыя задачы сваечасова выконваюцца дзякуючы самаадданай рабоце дэпутатаў, старшынь селькомаў, старэйшын і ўсіх жыхароў.
Любоў да малой радзімы перадаецца нам у спадчыну і праяўляецца праз клопат пра яе. Год малой радзімы, якім абвешчаны 2018 год, добры шанец выказаць сваю любоў да роднай старонкі адданай працай і клопатам аб яе прыгажосці.
Валянціна Марчанка.