На шляху захавання самабытнасці рэгіену
У пошуках шляхоў стварэння і захавання культурнай самабытнасці свайго рэгіёну ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” вядзе мэтанакіраваную работу. У першую чаргу яна звязана з павышэннем прафесійнага ўзроўня работнікаў клубных устаноў, арганізацыяй іх дзейнасці па збіранню, даследванню і ўвядзенню ў актыўнае творчае жыццё фальклорнай спадчыны сваёй зямлі і развіццю рамёстваў.
Для надання такой рабоце сістэмнасці і цэласнасці, накіраванасці на канкрэтны вынік, пад кіраўніцтвам метадыста па традыцыйнай культуры В.А. Марчанкі ажыццяўляюцца сацыяльна-творчыя праекты і метадычная вучоба клубных работнікаў.
У 2017 годзе быў рэалізаваны праект “Шануй сляды мінулага”. Зараз ажыццяўляецца праект “Чары сівой даўніны”, накіраваны на стварэнне самабытнасці аматарскіх фальклорных калектываў, папаўненне іх рэпертуараў аўтэнтычнымі і фальклорнымі творамі, на пашырэнне “аўтэнтычнага поля” у культуры раёна, зберажэнне мясцовага фальклору. Зараз вядзецца метадычная і экспедыцыйна-даследчая работа, работа па засваенню сабранага матэрыялу аматарамі фальклору, бо галоўная задача ў гэтай справе – узяць ад народа ўсё тое, што створана ім на працягу вякоў.
2 лістапада ў рамках праекта прайшоў метадычны дзень клубных работнікаў СДК на тэму: “На шляху захавання самабытнасці рэгіёну”.
Былі прэзентаваны новыя метадычныя выданні па праведзеных экспедыцыйных даследваннях, абмеркаваны асноўныя ідэі і атрыманыя ўрокі праведзенага спецыялістамі АМЦНТіКАР у Краснапольскім раёне абласнога семінара-практыкума, дадзена кансультацыя па ўзроўнях засваення фальклору і рэкамендацыі па асаблівасцях выкарыстання народнага касцюма, адбылося абмеркаванне асноўных праблем сучаснага стану фальклору.
На думку дырэктара абласнога метадычнага Цэнтра народнай культуры А.Ф. Хмялькова, асноўнымі праблемамі сучаснага стану фальклору на сённяшні дзень з’яўляюцца, сярод іншых, адсутнасць свайго мясцовага фальклорнага матэрыялу ў калектываў для работы над ім, адсутнасць спецыялістаў, здольных да правільнага запісу і расшыфроўкі фальклору пры яго збіранні, недастатковая работа над павышэннем якасці ўзроўня творчых калектываў, адсутнасць пры калектывах дзіцячых калектываў-спадарожнікаў, як пераймальнікаў фальклору, і інш.
Удзельнікі метадычнага дня ўдакладнілі для сябе палажэнні фестывалю-конкурсу, якім у снежні завяршыцца праект “Чары сівой даўніны”. Фестываль паслужыць своеасаблівай справаздачай праекта, прадэманструе новыя фальклорныя і аўтэнтычныя творы з рэпертуараў песенных калектываў.
Музейны занятак і экскурсія, праведзеныя ДУК “Краснапольскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей”, зрабілі свой уклад у змест метадычнага дня.
Ва ўсе часы фальклор з’яўляўся гонарам народа, адлюстроўваў нацыянальную свядомасць, падкрэсліваў спецыфічную сутнасць культуры кожнага рэгіёну. ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” трэба шмат працаваць над захаваннем гэтай важнай часткі духоўнай спадчыны – прыгожай і самабытнай, якая ўяўляе сабой твар зямлі і яе народа.
Валянціна АЛЯКСАНДРАВА.