ПАДЗЕІ КАСТРЫЧНІКА 1917 ГОДА НА КРАСНАПОЛЬСКАЙ ЗЯМЛІ

Рэвалюцыйныя падзеі ў Петраградзе і Дэкрэты II Усерасійскага з’езда Саветаў аб міры і зямлі аказалі станоўчы ўплыў на ўзмацненне пазіцый бальшавікоў з іх лозунгамі: “Улада – Саветам”, “Зямля – сялянам”. Дэлегатам II з'езда Саветаў быў краснапальчанін, ураджэнец в. Стайкі Траянаў Андрэй Кузьміч – ад Цэнтфрабалта.

Былі і такія краснапальчане, якія прымалі непасрэдны ўдзел у Петраградскім кастрычніцкім паўстанні 1917 года, у выніку якога быў звергнуты Часовы ўрад Керынскага і ўлада перайшла да Саветаў. Гэта Емяльян Іванавіч Ляўшын з в. Мхінічы і Іван Паўлавіч Скрыпчанка з в. Пачапы.

Е.I. Ляўшын быў камендорам на лінкоры “Слава” Балтфлоту, узнагароджаны Георгіеўскімі крыжамі 4, 3 і 2 ступеняў. 3-4 кастрычніка 1917 года ўдзельнічаў у вядомай Моанзундскай бітве з германскімі караблямі, а пасля затаплення моцна пашкоджанага лінкора самімі маракамі прымаў удзел у кастрычніцкім узброеным паўстанні ў Петраградзе. Побач з ім быў матрос лінкора I.П. Скрыпчанка (Расійскі архіў ВМФ, ф. 92, о. 3, спр. 8, л. 109).Антон Афанасьевіч Баранаў з в. Крэменка Старынкаўскай воласці, якая тады ўваходзіла ў Краснапольскі стан, служыў матросам крэйсера “Грамбой”, быў удзельнікам знакамітага пераходу з Гельсінгфорса ў Кранштат 26-27 кастрычніка 1917 года, каб стаць на абарону кастрычніцкага паўстання.

12-14 лістапада 1917 года адбыліся выбары ва Устаноўчы сход. Вынікі па Чэрыкаўскаму павету былі ў карысць эсэраў і сялянскіх дэпутатаў – 87, 74 працэнта. Эсэры карысталіся падтрымкай насельніцтва і на Краснапольшчыне.

29 лістапада 1917 года у адпаведнасці з загадам Магілёўскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта ў распараджэнне зямельных камітэтаў Краснапольшчыны была перададзена панская маёмасць і землі для іх падзелу.

У лістападзе 1917 года у Краснаполлі стварыўся валасны Савет на чале з Уладзімірам Несцеравічам Калеснікавым. Валасныя Саветы таксама былі створаны ў Палужы, Наваельні, Мхінічах, Брацькавічах, Старынцы, Саматэвічах, Студзянцы. Вялікую ролю ў барацьбе за бальшавізацыю і ўладу Саветаў на Краснапольшчыне адыгралі салдаты-франтавікі, якія накіроўваліся па рашэнню Паўночна-Заходняга Камітэта РСДРП(б).

З кнігі Л. Лабаноўскага “Краснапольская хроніка”.

Фотографии носят иллюстарционный характер.

Поделиться с друзьями
316 просмотров