НА “ДРЫБІНСКІХ ТАРЖКАХ” ПАБЫВАЛІ І СЯБЕ ПАКАЗАЛІ

Мясцовы паэт Краснапольшчыны Валянціна Марчанка і майстры раённага Дома рамёстваў г. п. Краснаполле Валянціна Маскалькова і Андрэй Ганчарэнка 19 жніўня пабывалі на VII рэгіянальным фестывалі народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў у горадзе Дрыбіне Магілёўскай вобласці.

Гэта свята рук умелых

У небе поўня зіхацела,

Ззялі зоркі-светлячкі.

Завяршацца не хацела

Свята Дрыбіна – таржкі.

Д. Рамадзіна

Гэтыя радкі дрыбінскай паэткі добра падкрэсліваюць асаблівасці правядзення “Дрыбінскіх таржкоў”, іх характар і настрой.

Фестываль сапраўды доўжыцца цэлы дзень. З раніцы гасцей сустракаюць на жартоўнай “Мытні”. Майстры, рамеснікі вобласці, установы і арганізацыі раёна ўстанаўліваюць шматлікія крамніцы і падворкі. Потым адбываецца ўрачыстае шэсце гасцей і ўдзельнікаў фестывалю, цырымонія адкрыцця, і некалькі гадзін доўжыцца тэатралізаваны канцэрт “Таргі”, у якім прымаюць удзел не толькі творчыя калектывы вобласці і іншых абласцей Беларусі, а нават артысты з розных куткоў Расіі. Сёлета можна было пачуць песні Смаленшчыны, Цвярской вобласці і іншых. У другой палове дня раскінуліся новыя крамніцы і рамесныя пляцоўкі, гасцей фестываля чакаў святочны канцэрт “Зоркі над Проняй”, шоу спявачкі Ўлады і святочны феерверк.

Творчай фантазіі арганізатарам фестываля не займаць, як і гумару і гасціннасці. Уявіце сабе такія крамніцы: “Зёлкі”, “Вада жыцця”, “Добра скеніць”, “Шалёная пчолка”!

Асаблівай увагай карыстаецца на “Таржках” брэнд Дрыбіншчыны – валёнкі і іншыя валеныя з шэрсці прадметы адзення і сувеніры. У майстроў-шапавалаў, як іх называюць, ёсць нават свая мова для зносін – “Катрушніцкі лемезень”.

Ну а майстрам і рамеснікам на “Таржках” самая добрая магчымасць сябе паказаць, на іншых паглядзець і, канешне, абмяняцца вопытам, засвоіць новыя віды і тэхнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і рамяства.

Першыя словы, якімі мяне сустрэла дырэктар Краснапольскага РДР В.В. Маскалькова былі такія: “Аляксандраўна, я сёння засвоіла тэхніку…”, і яна назвала нейкае мудрагелістае слова. Аказалася, што яно абазначала від біжутэрыі з бісеру.

Нашы майстры Андрэй Ганчарэнка і Валянціна Маскалькова ўмела дэманстравалі на “Таржках” сваё майстэрства разьбы па дрэве і саломапляцення, увесь час трапляючы ў аб’ектывы фотакарэспандэнтаў.

Майстры вобласці праз падобныя фестывалі і святы ўжо добра ведаюць адзін аднаго, цікавяцца навінамі ў жыцці і творчасці, спяшаюцца падзяліцца сакрэтамі майстэрства.

З рознымі мясцовымі традыцыямі, непаўторным каларытам сваіх вырабаў яны робяць агульную добрую справу – працягваюць традыцыі продкаў роднай зямлі, захоўваюць і развіваюць традыцыйную культуру Беларусі.

Пачуць і быць пачутым

У шырокай праграме фестываля “Дрыбінскія таржкі” знайшла сваё месца і пляцоўка “Літаратурная гасцёўня”, на якую была запрошана і я, Валянціна Марчанка, як мясцовая паэтка Краснапольшчыны.

Творчыя асобы заўсёды цягнуцца адзін да аднаго: пэўна, ім хочацца пачуць іншых і быць пачутымі і зразумелымі самім. Так і адбылося пад час работы “Літаратурнай гасцёўні”, якая праходзіла ва ўтульнай зале Дрыбінскай раённай бібліятэкі. “Гасцёўня” сабрала членаў клуба творчых сустрэч “Вянок Дрыбіншчыны”, якому ў наступным годзе споўніцца ўжо 20 год.

Акрамя пагружэння ў свет паэзіі мне, канешне, было цікава пазнаёміцца і з вопытам работы паэтычнага клуба суседзяў. Чаму? Я толькі што распрацавала творчы праект “Краснапольшчына літаратурная” (пакуль гэта рабочы варыянт назвы), у рамках рэалізацыі якога ёсць думка стварэння на Краснапольшчыне літаратурнага аб’яднання, заснаванне раённых літаратурных конкурсаў і інш. Справа ў тым, што ў нашым раёне шмат творчых людзей, прыхільнікаў пяра, якія не маюць магчымасці рэалізаваць свой патэнцыял, не маюць магчымасці творчага роста, творчых зносін.

Літаратурны праект я прысвячаю 500-годдзю кнігадрукавання і 310 гадавіне з дня заснавання Краснаполля, якая адзначаецца ў гэтым годзе.

Але пра ўсе свае праектныя задумы я паведаю ў наступных газетных матэрыялах і праз кантакты з установамі і канкрэтнымі асобамі. А зарам вернемся да дрыбінскага вопыту работы з творчасцю і канкрэтнымі творцамі.

Клуб творчых сустрэч “Вянок Дрыбіншчыны” працуе на базе раённай бібліятэкі. На гэты раз на сустрэчу акрамя гасцей сабралася каля двух дзесяткаў мясцовых паэтаў. У праграме сустрэчы была прэзентацыя калектыўнага паэтычнага зборніка “Слаўся, наш дрыбінскі край дарагі…”, выступленні паэтаў, гасцей і падвядзенне вынікаў паэтычнага конкурсу на лепшы верш пра Дрыбіншчыну.

На сустрэчы выступіла і я са словам і сваімі вершамі “Ещё живёт в стихах моя деревня”, “Маю зямлю ўбачыш – не забудзеш” і інш.

Члены клуба станоўча адгукнуліся на мае творы і на прапанову сябраваць аб’яднаннямі. Таму я пад сцяг літаратурнай творчасці заву сабрацца ўсіх неабыякавых да мастацкага слова землякоў. Будзем разам тварыць і сплятаць свой вянок радзімай Краснапольшчы – зямлі прыгожай і любай сэрцу кожнага чалавека, які тут нарадзіўся і жыве.

Валянціна Марчанка.

Поделиться с друзьями
243 просмотров