Метадычная гасцінная “Забытае ўваскрашаецца” адбылася на Краснапольшчыне
Сапраўднай сустрэчай з народнай спадчынай нашай малой радзімы стала метадычная вучоба “Забытае ўваскрашаецца”, што адбылася на мінулым тыдні ў фае РЦК і сабрала спецыялістаў сельскіх устаноў культуры, прадстаўнікоў аддзела адукацыі, спорту і турызму, устаноў адукацыі раёна, супрацоўнікаў бібліятэчнай сістэмы, гасцей з Расійскай Федэрацыі.
Формай вучобы была абрана метадычная гасцёўня, а яе гаспадыняй, кіраўніком сустрэчы стала метадыст па традыцыйнай культуры В.А. Марчанка. Разам з ёю і яе памочніцамі, членамі творчай групы В.І. Снытко і С.В. Палітыкінай на працягу 2 гадзін прысутныя разважалі аб шляхах збірання, захавання і папулярызацыі традыцыйнай народнай культуры, знаёміліся з фотастаронкамі творчага жыцця ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” і метадычнай выстаўкай, мелі магчымасць набыць у якасці сувеніра ляльку-абярэг і г.д.
Пачатак мерапрыемству паклала знаёмства з майстрамі-гарманістамі Краснапольшчыны В.М. Саранковым, М.А. Занудзенка, А.І. Андрыянавым, якія бліскуча засвоілі ўнікальныя народныя мелодыі нашых вёсак: мелодыі вясковых танцаў, народных песень, унікальныя найгрышы.
Сваёй жывой і непаўторнай ігрой на гармоніку яны даўно пакарылі сэрцы не только краснапольскіх аматараў музыкі, але і ўсёй Магілёўшчыны, выступаючы на розных конкурсах, святах, канцэртах. Кожны майстар славіцца выкананнем свайго асобага твору: В.М. Саранкоў – “Краснапольскімі дробнымі драбніцамі”, М.А. Занудзенка – ігрой на перавернутым гармоніку, А.І. Андрыянаў – “Полькай”. Упэўніцца ў гэтым і ацаніць майстэрства музыкаў змог кожны запрошаны на метадычную гасцёўню пад час іх выступленняў.
Вясёлыя звонкія найгрышы гармоніка змянілі пранізлівая туга і роздум восеньскіх песень – самага старадаўняга пласту ўсходнеславянскай культуры. Менавіта пра гэты від абрадавай творчасці, яе асаблівасцях на Краснапольшчыне ўдзельнікам гасцёўні распавяла В.А. Марчанка, расказваючы аб выніках фальклорнай экспедыцыі па іх вынаходжанню. Як адзначыла Валянціна Аляксандраўна, жывыя прыкметы восені, яе вобразы, знакі і ляглі ў аснову восеньскіх песень, вызначаюць іх каларыт і танальнасць. А спявалі іх у час восеньскага жніва, пры выбіранні льну, калі капалі бульбу, збіралі грыбы і ягады, убіралі проса і грэчку. Аднак, нягледзячы на тое, што гэтыя песні суправаджалі ў асноўным гаспадарчыя работы ў полі, змест гэтых работ яны амаль не адлюстроўвалі. Толькі асобныя вобразы дазваляюць улавіць іх сувязь з восеньскай парой года, клопатамі і заняткамі селяніна, земляроба. На Краснапольшчыне вядома каля 2-х дзесяткаў восеньскіх песень. Амаль усе яны адлюстроўваюць настрой, перажыванні. Самім упэўніцца ў гэтым і атрымаць асалоду ад іх гучання ўдзельнікам мерапрыемства дазволіла знаёмства з жывымі носьбітамі восеньскіх песень Н.Ф. Яцутка і В.П. Картузовай.
Восеньскія песні стаяць блізка да пазаабрадавай любоўнай лірыкі. І нездарма, бо ў Беларусі на восень, калі заканчваліся ўсе палявыя работы і ў сялянскай хаце з’яўляўся адносны дастатак, якраз і прыпадала асноўная колькасць вяселляў. Ніводнае вяселле ніколі не абыходзілася без песень. Аб тым, якія песні складалі вясельную спадчыну краснапольскай зямлі, аб чым радаваліся і сумавалі нашы продкі пры правядзенні вясельнага абраду, распавялі прысутным В.І. Снытко і С.В. Палітыкіна, праспявала В.А. Марчанка.
Аднак не толькі песням знайшлося месца пад час правядзення метадычнай гасцёўні. З такім здабыткам фальклорнай спадчыны як бытавыя танцы ўдзельнікаў мерапрыемства пад час танцавальнага майстар-класа азнаёмілі прадстаўнікі народнага клуба ветэранаў “Дабрыня”. І не толькі азнаёмілі, але і прапанавалі разам з імі выканаць шэраг бытавых танцаў.
Яшчэ адным цікавым момантам мерапрыемства стала знаёмства яго ўдзельнікаў з асаблівасцямі побыту нашых продкаў, напаўненнем і ўбранствам сялянскай хаты, этнаграфічнай выстаўкай “Ільняны аповед Вуллянінага лёсу” і інш.
Увазе запрошаных на метадычную гасцёўню таксама была прадстаўлена і выстаўка метадычнай літаратуры “Сваё любі да самазабыцця”, якая ўяўляла сабой багатую палітру матэрыялаў з вопыту правядзення фальклорных экспедыцый, актыўных форм работы па далучэнню дзяцей да нашай творчай спадчыны, уключала этнаграфічныя творы фальклорнай спадчыны, якую захоўвае народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі” і інш.
Сродкам ажыўлення культурнага жыцця можна смела назваць раённыя конкурсы. Менавіта яны спрыяюць актывізацыі даследчай, экспедыцыйнай работы па выяўленню і захаванню традцыйнай народнай культуры, дазваляюць адшукваць сапраўдныя жамчужыны фальклорнай спадчыны беларускага народа. Пацвярджэннем таму сталі вынікі 2-х раённых конкурсаў: абрадавых праграм “Фальклорны жыццявір” і этнаграфічных куткоў “Шануй сляды мінулага”, у якіх на працягу года прымалі ўдзел сельскія ўстановы культуры.
Конкурс абрадавых праграм “Фальклорны жыццявір” спрыяў выяўленню, заваханню і папулярызацыі традыцыйнай народнай культуры, лепшых абрадаў народнай творчасці сваёй мясцовасці, фарміраванню скарбонкі абрадавых праграм. Яго ўдзельнікі прадэманстравалі каляндарна-абрадавыя і сямейна-абрадавыя праграмы, паказваючы розны ўзровень выканання. У выніку, па рашэнню журы дыпломам 1 ступені быў узнагароджаны народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі”, дыпломам 2 ступені – калектыў Палужскага СДК, дыпломам 3 ступені – калектывы Яноўскага і Пачапоўскага СДК.
Конкурс этнаграфічных куткоў “Шануй сляды мінулага” з’яўляўся часткай работы па ўдасканальванню працэсу па захаваню і вывучэнню гісторыка-культурнай спадчыны. Ён спрыяў уключэнню работнікаў устаноў культуры ў экспедыцыйную, самаадукацыйную, творчую работу, вынікам якой стала папаўненне куткоў мноствам этнаграфічных экспанатаў. Пры падвядзенні вынікаў конкурсу за захаванне этнаграфічнай спадчыны дыплом 1 ступені атрымаў Яноўскі СДК, 2-й – Сідараўскі СДК. За захаванне і актыўную папулярызацыю этнаграфічных збораў дыплом 1 ступені атрымаў Палужскі СДК.
Яшчэ адным прыемным момантам мерапрыемства стала віншаванне з днём нараджэння старэйшай удзельніцы народнага фальклорнага ансамбля “Горскія харашухі” В.П. Картузовай.
... Вацлаў Ластоўскі казаў: “Трэба не толькі самім спачувацца беларусам,… трэба прыхіляць да гэтага ўсіх, з кім сутыкаешся”. І вось такім сутыкненнем, цікавай сустрэчай са спадчынай роднай зямлі і стала метадычная гасцёўня, кожны ўдзельнік якой змог адчуць вялікую любоў і павагу да роднай зямлі, гонар звацца беларусам.
Алеся СІДАРЭНКА.
Фото Аляксандра ДАНЧАНКІ.