ФІЛАСОФІЯ ЖЫЦЦЯ НІНЫ ЯЦУТКА
Калі бачыш Ніну Фядосаўну Яцутка ў народным касцюме на сцэне, на свяце, ус-прымаеш яе маладой кабетай. І дата яе нараджэння 08.08.1944 года здзіўляе і выклікае павагу да гэтай жывой, актыўнай і таленавітай жанчыны. Як прызнаецца Ніна Фядосаўна, спявае яна ўсё жыццё — спявае, калі працуе, калі адпачывае…
Жанчына з цеплынёй успамінае, як добра і весела ўмела адпачываць вясковая моладзь у часы яе маладосці. “Па чарзе дзяўчаты рыхтавалі пятачкі-пляцовачкі для танцаў і забаў. Расчысцім, размяцём каля чыёй-небудзь хаты, вадой пабрызгаем, пальём, каб пылу не было, і танчым да паўночы. За вечар разоў некалькі даводзілася паліваць вадой той пятачок, так, бывала, разойдзецца гулянне — пыл узнімаецца! Ой, прыгожа гулялі! У суседнія вёскі ўсім гуртом наведваліся. За дарогу, бывала, столькі напяешся, столькі песень успомніш!”
Ніне Фядосаўне і сёння не патрэбен час, каб успомніць тую ці іншую песню – яна “выдае” іх адразу! І тым каштоўней яе рэпертуар, чым “старэй” песня. А такіх памяць жанчыны захоўвае шмат.
Памятае спявачка і тэрміны выканання народных песень, бо амаль кожная з іх прымяркоўвалася да пэўнага цыклу земляробчага календара. Усе песні Ніна Фядосаўна размяркоўвае па гэтых цыклах, прыгаворваючы: ”Арол мой” — гэта восеньская, “Памажы нам, Божа, вясну загукаці” – вясенняя, “Ой, куды мне з гора дзецца” – ільняная, пелі, калі лён бралі…” Ведае іх Фядосаўна з дзяцінства і з цеплынёй успамінае, як вучылася спяваць ад маці ды такіх жа сялянак, як яна сама.
Толькі восеньскіх песень Ніна Фядосаўна ведае каля дзесятка, а між тым фалькларысты-даследчыкі лічаць, што восеньскія песні бытавалі пераважна ў цэнтральнай і заходняй частцы Беларусі. Вось якія рэдкія і ўнікальныя жамчужыны захавала гэта вясковая жанчына і падаравала іх у фальклорны куфэрак Краснапольшчыны!
Слухаеш гэту простую жанчыну і ловіш сябе на думцы, што яна, пэўна, нават не здагадваецца, якім багаццем валодае. У яе рэпертуары — каляндарна-абрадавыя, сямейна-абрадавыя, сямейна-бытавыя, пазаабрадавыя песні.
Н.Ф. Яцутка нястомна папулярызуе фальклор разам з мясцовым песенным калектывам “Спадчына” Пачапоўскага СДК. Спявае ў складзе ансамбля, дуэтаў або сольна.
Мастацкі кіраўнік ансамбля Людміла Яўгенаўна Каратцова з асаблівай любоўю і цеплынёй адгукваецца аб спявачцы, бо ніводнае свята ці канцэрт не абыходзіцца без Фядосаўны.
“А чым і як можна хуценька абнавіць рэпертуар? Дастаткова звярнуцца да Фядосаўны — і гучыць новая песня. А колькі ў жанчыны задору і весялосці! Нам, маладзейшым, вучыцца і вучыцца такому стаўленню да жыцця!” – усхвалявана дзеліцца Людміла Яўгенаўна. А потым дадае: “Бачылі б вы яшчэ і яе вышыванкі! Вось гэта чалавек – майстар ва ўсім”.