Краснапальчане вярнуліся з IV Міжнароднага форума
“ТРАДЫЦЫЙНАЯ КУЛЬТУРА ЯК СТРАТЭГІЧНЫ РЭСУРС УСТОЙЛІВАГА РАЗВІЦЦЯ ГРАМАДСТВА”-на такую тэму адбыўся IV Міжнародны форум, які прайшоў у г. Магілёве і ў Круглянскім раёне Магілёўскай вобласці. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі сферы культуры 11 краін свету, прадстаўнікі Міністэрства культуры і спецыялісты ўстаноў культуры Беларусі, калектывы і майстры народнай творчасці Магілёўскай і іншых абласцей.
Праграма форума была вельмі насычанай і багатай, нездарма на яе рэалізацыю спатрэбілася цэлых 3 дні, кожны з якіх нёс свае ідэі і задачы. У кожным з гэтых дзён прынялі ўдзел і майстры народнай творчасці Краснапольскага раёна: умельцы раённага Дома рамёстваў В. В. Андрыянава, В. В. Маскалькова; народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі”; дыпламанты абласнога конкурсу “Народная прыпеўка”.
В. В. Андрыянава як майстар-ткачыха разам яшчэ з 22 майстрыхамі вобласці ўдзельнічала ў лірычным караго-дзе па прэзентацыі “Купальскага пояса” – самага доўгага ў Беларусі, які яны ткалі разам да Купальскага свята. В.В. Маскалькова працавала на выставе, якая знайшла сваё месца на народным гулянні “Восеньскі кірмаш”, які ладзіўся ў экатуркомплексе “Мікалаеўскія сажалкі” Круглянскага раёна.
У народным гулянні “Восеньскі кірмаш” прынялі ўдзел і “Горскія харашухі”, якія дэманстравалі тэматычную праграму восеньскага календарнага цыклу. Іх праграма, насычаная тэатральнымі і ігравымі эпізодамі, аўтэнтычнымі і фальклорнымі песнямі, прадстаўляла сабой талаку “Малацьба” – традыцыйную працоўную з’яву паслядажыначнага цыклу. Ярка і каларытна выглядала наша талочная пляцоўка! Стварыць яе самабытны этнаграфічны “малюнак” дапамаглі экспанаты, прадстаўленыя ДУК “Краснапольскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей”. Замежныя госці ацанілі і нацыянальныя стравы стала “пані-гаспадыні”, якая павінна была частаваць талачыннікаў пасля працы. Каша, кілбаса, квашаная капуста, грыбы, агуркі і памідоры, гарачая вараная бульба, дранікі з пылу, з жару прыйшліся па душы гасцям з Кітая, Турцыі, Італіі, Арменіі і іншых краін свету. З роллю гаспадыні ладна справілася Н. Козінцава.
У апошнім дні міжнароднага форуму ў тэматычнай канцэртнай праграме “Спявае беларуская душа” прынялі ўдзел нашы гарманісты В.М. Саранкоў, М.А. Занудзенка і прыпевачніца Н.Ф. Яцутка.
У міжнародным форуме акрамя творчых мерапрыемстваў, канферэнцый яго ўдзельнікаў ладзіліся і іншыя формы работы, у ходзе якіх абмяркоўваліся стратэгіі развіцця традыцыйнай культуры – энергетычнага рэсурса, які дае магчымасць кожнаму народу захоўваць сябе як этнас.
Валянціна МАРЧАНКА.
Фота Ірыны КУЛЯГІНАЙ.