Кнігу «Ачышчэнне душы» пра В.І.Ермаловіча прэзентавалі на Краснапольшчыне
Валянцін Іванавіч Ермаловіч. Гэтае імя на Краснапольшчыне вядома кожнаму. Народжаны ў адной з вёсак Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці, жыццёвыя пуцявіны назаўжды звязалі яго з Магілёўшчынай і, у прыватнасці, з салаўіным, глыбінным Краснапольскім раёнам.
Падставай яшчэ раз успомніць пра рэжысёра, акцёра, педагога, заслужанага работніка культуры Беларусі стала вечарына, якую ладзілі ў прайшоўшую суботу ў ДУК “Краснапольскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей” людзі, неабыякавыя да памяці аб гэтым цудоўным чалавеку. У іх ліку наш зямляк, журналіст, пісьменнік Міхась Карпечанка і вучань В.І. Ермаловіча пісьменнік Сяргей Чыгрын, якія сталі ўкладальнікамі кнігі ўспамінаў пра Валянціна Ермаловіча “Ачышчэнне душы”, убачыўшай свет напрыканцы мінулага года. А таксама дырэктар названай установы культуры Т.Ф. Каваленка і ўсе, хто захоўвае ў сваім сэрцы светлую памяць пра настаўніка, свайго старэйшага сябра, чалавека светлага, апантанага тэатрам, тэатральным жыцём і беларускай народнай мовай і культурай.
Яшчэ да пачатку вечарыны, заходзячы ў невялікіх памераў залу музея, удзельнікі мерапрыемства траплялі ў памяшканне, пранікнутае той тэатральнай атмасферай, якую так любіў Валянцін Іванавіч. На задніку імправізаванай сцэны, куды мусілі запрасіць прыезджых гасцей, крыху згубіўшыя свае фарбы ад часу тэатральныя афішы з назвамі спектакляў Краснапольскага народнага тэатра, кіраўніком і рэжысёрам якога з 1978 па 1992 гады быў В.І. Ермаловіч. Не меншую цікаўнасць выклікалі чорна-белыя фотаздымкі тых гадоў со сцэнамі са спектакляў, а таксама праграмкі саміх спектакляў з прозвішчамі знаёмых землякоў. Аднак цэнтральнае месца ў зале займаў партрэт майстра. Нягледзячы на тое, што ў адносінах да астатняга інтэр’ера ён знаходзіўся збоку, нібыта ў аддаленні ад гледачоў, якімі вось, вось запоўніцца глядзельная зала, а на сцэнічных падмостках распачнецца дзея, у якой сам рэжысёр — у галоўнай ролі.
Менавіта так і адбылося, калі быццам па ўзмаху цудадзейнай палачкі сябры, паплечнікі рэжысёра, аматары тэатральнага мастацтва і ўсе прысутныя акунуліся ў свет тэатра і тэатральнага жыцця, якімі жыў, аддаваў ўсяго сябе і развіваў цікаўнасць да якога ў сваіх вучняў Валянцін Ермаловіч.
Можа калісьці нехта напіша пра гэтага цудоўнага чалавека больш цікава і змястоўна, але аповед аб тым, як стваралася кніга ўспамінаў, якім застаўся ў памяці людзей Валянцін Іванавіч, падрабязна расказаў яго вучань і сябра Сяргей Чыгрын.
Знаёмства з майстрам, якое праз гады перарасло ў сяброўства, адбылося летам 1974 года, калі Сяргей Чыгрын паступаў на тэатральнае аддзяленне Магілёўскага культасветвучылішча імя Н.К. Крупскай. У ліку іншых экзаменаў перш за ўсё абітурыенты павінны былі паказаць эцюд, каб прадэманстраваць свае тэатральныя здольнасці. Сяргей ведаць не ведаў, што гэта такое, але дасведчаныя дзяўчаты, якія таксама мусілі вучыцца на тэатралаў, расказалі. І ўжо амаль на парозе перад уваходам да экзаменатараў ён прыдумаў эцюд пра лісіную нару, якую быццам бы знайшоў у лесе, і пра тое, як сабраўся злавіць тую лісу. Задуманае ператварыў перад строгай камісіяй, сярод якой быў і Ермаловіч. Аднак замінка адбылася. У якасці нары выкарыстаў крэсла. Ды так няўдала! Калі з нары “выскачыла” ліса, а Сяргей кінуўся яе “лавіць”, крэсла раптоўна ад яго падзення паляцела прама ў бок прыёмнай камісіі. Хлопец спужаўся і вырашыў: “Ну, усё! Цяпер мяне сапраўды не прымуць!”, але не разгубіўся і скончыў свой паказ.
– З хваляваннем чакаў вердыкту членаў прыёмнай камісіі, – успамінае Сяргей Чыгрын. – Пасля эцюдаў нас сабралі і Валянцін Іванавіч пахваліў кожнага. Асобна вылучыў мяне за тое, што не разгубіўся і дайграў да канца.
А пасля былі вучоба ў вучылішчы, знаёмства з паэтам Аляксеем Пысіным, публікацыя першых вершаў у “Магілёўскай праўдзе”, удзел у літаратурна-музычных вечарынах, сустрэчах з чытачамі, якія ладзіліся з удзелам Валянціна Іванавіча.
Шчыра і пранікнёна аб сяброўстве з Ермаловічам дзяліўся на вечарыне Міхась Карпечанка. Цікава было паслухаць чалавека, які больш за ўсіх ведаў майстра, але ў сілу асабістай сціпласці на працягу ўсяго мерапрыемства трымаўся нібыта ў цяні, гаварыў нягромка, стрымана. А колькі б мог расказаць, прыпамінаючы той час, калі працаваў побач з рэжысёрам, разам ажыццяўляючы яго задумкі і імкненні! Па словах Карпечанкі, пэўны час ён выступаў некім накшталт тэатральнага агента Валянціна Іванавіча, калі дамаўляўся аб выступленнях майстра ў школах і на прадпрыемствах, шукаў новых і новых слухачоў для яго вершаў на беларускай мове і трапных баек.
Менавіта пад уплывам Валянціна Іванавіча Міхась Карпечанка пачаў пісаць п’есы, хаця драматургію, як жанр не шанаваў. Па словах Міхася, рэжысёр літаральна патрабаваў ад яго напісання новых п’ес для ажыццяўлення пастановак на падставе мясцовага матэрыялу. А пачалося ўсё з таго, калі той пачытаў некалькі старонак адной з яго першых п’ес, папрасіў Міхася хутчэй яе завяршыць, каб зрабіць спектакль. З таго пачаўся больш цесны перыяд іх супрацоўніцтва і сяброўства. Было пастаўлена 6 спектакляў па п’есах Міхася Карпечанкі.
Пасля свайго 80-годдзя Валянцін Іванавіч вельмі хацеў напісаць і выпусціць у свет кнігу “Запіскі рэжысёра народнага тэатра”, якая б магла стаць дапаможнікам самадзейным тэатральным калектывам, акцёрам і рэжысёрам пры стварэнні спектакляў. Рэдагаваць кнігу прасіў Карпечанку. Але задумцы не суджана было збыцца.
Нехта ўдала падмеціў, што голас артыста Краснапольскага народнага тэатра І.І. Ткачова нечым нагадвае голас В.І. Ермаловіча. Працягваючы гаворку пра Валянціна Іванавіча так, як гэта рабіў майстра, на беларускай мове, імкнучыся перадаць усё багацце адценняў роднай мовы, Іван Іванавіч прыгадаў сумесную працу над спектаклямі.
– Гэта якую трэба мець волю і сілу, каб 15 гадоў прыязджаць працаваць у Краснаполле з Магілёва?! – задаецца пытаннем І.І. Ткачоў у сваіх успамінах у кнізе “Ачышчэнне душы”. Адказ просты: “Ён быў патрэбны людзям”.
Стомленыя пасля рабочага дня, а затым вячэрняй рэпетыцыі народнага тэатра разыходзіліся самадзейныя артысты да дому. З двух бакоў сцэны ў глядзельнай зале Краснапольскага РДК, дзе артысты адпрацоўвалі мізансцэны, размяшчаліся партрэты мэтраў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы.
– Вось і запытаўся неяк у мяне Валянцін Іванавіч, углядаючыся прышчуранымі вачыма ў партрэты: “Скажы, Ваня, на каго з іх я больш падобны: на Коласа, ці на Купалу?” – распавядаў І.І. Ткачоў. – А я яму ў адказ: “Гэта Колас і Купала падобны на Вас, Валянцін Іванавіч”.
Тады гэтая гісторыя паходзіла на жарт настаўніка і яго вучня. Сёння яна паходзіць на праўду. Падабенства на песняра беларускай мовы Якуба Коласа знаходзяць многія, углядаючыся ў барэльеф майстра на мемарыяльнай дошцы, змешчанай у Магілёве на доме, дзе жыў Валянцін Іванавіч. Нават пасля свайго зямнога жыцця В.І. Ермаловіч працягвае выконваць сваю жыццёвую ролю як чалавек, як артыст, як прапагандыст беларускай нацыянальнай культуры.
Шмат чаго цікавага расказаў удзельнікам вечарыны вучань майстра А.А. Паплыка. Вяртаючыся ва ўспамінах да сваіх школьных гадоў, Аляксандр Аляксандравіч успамінаў аб першай сустрэчы з В.І. Ермаловічам у якасці артыста-пачаткоўца тэатра. І перадаў усе адценні гэтай сустрэчы так удала, як прафесійны акцёр, што зала, не шкадуючы, хлопала ў далоні.
Выканаўца ролі Паўлінкі С.М. Петрачэнка, – таксма ўдзельніца вечарыны, прысвечанай памяці майстра. Гэта менавіта ён, выгледзіў прыгожы дзявочы твар у зале Сідараўскага СДК падчас спектакля, і прапанаваў ёй выканаць ролю, аб якой марылі многія з самадзейных артыстак тэатра.
— Ад усяго сэрца ўдзячна Валянціну Іванавічу за магчымасць адчуць сябе сапраўднай артысткай і іграць на сцэне, – зазначыла Святлана Міхайлаўна і прызналася, што аб сцэне марыла з маленства, але набыла прафесію педагога.
Самае прамое дачыненне да тэатральнай дзейнасці на Краснапольшчыне мае чалавек, добра вядомы на Магілёўшчыне і ў рэспубліцы — мастак А.В. Паплыка. Ён афармляў не адзін спектакль рэжысёра Ермаловіча, пры дапамозе фарбаў адлюстроўваў тыя сэнсавыя нагрузкі, якія несла тая ці іншая пастаноўка.
У раённым Доме культуры, пакоі, дзе размяшчаўся Краснапольскі народны тэатр і знаходзілася мастацкая майстэрня, былі побач. І такое суседства не магло не звязаць двух вялікіх майстроў адной справай.
– Усе спектаклі, якія паставіў Валянцін Іванавіч у Краснаполлі, простыя і геніяльныя, – зазначыў Аляксандр Васільевіч. – Акрамя вялікага майстэрства акцёра і рэжысёра ён – грамадскі дзеяч. Гэта вялікая заслуга чалавека: быць і ў Бялынічах, і ў Магілёве, і ў Краснаполлі і ўмець падтрымліваць інтарэс аматараў тэатральнага мастацтва паўсюдна, пры-віваць моладзі, якая ўдзельнічала ў пастаноўках, любоў да беларускага тэатра і беларускай культуры, перадаваць свае акцёрскія навыкі і ўменні іншым.
Да месца прыйшлося падчас вечарыны і выступленне вядомага беларускага барда Дзмітрыя Бартосіка, які прыехаў у Краснаполле разам з Міхасём Карпечанкам і Сяргеем Чыгрынам спецыяльна на мерапрыемства. У яго выкананні прагучаў шэраг музычных кампазіцый Булата Акуджавы і іншых аўтараў, перакладзеных на беларускую мову беларускім паэтам Рыгорам Барадуліным. Глыбокі сэнс вершаваных радкоў спевака, у прыламленні да сучаснасці і тэматыкі, яднаў дзею ў адно цэлае і дапаўняў магчымасцю вобразнага і гукавага афармлення ўсяго, што адбывалася ў той дзень у глядзельнай зале раённага музея.
Тамара БРАТАЧКІНА.
Фота Алесі СІДАРЭНКІ.