Сяброўскія стасункі яднаюць нашы раёны і нашы газеты

Галоўны рэдактар Слаўгарадскай раённай газеты “Прысожскі край” Валянціна Уладзіміраўна ЯЗЕРСКАЯ:
 — Слаўгарадскі і Краснапольскі раёны – даўнія суседзі, бо нашы тэрыторыі мяжуюць. Аднак нашы раёны не толькі суседзі, але і даўнія сябры. Як у краснапальчан, так і ў жыхароў Слаўгарадчыны шмат агульнага. І аб’ядноўвае нас не толькі любоў да роднай зямлі і яе вытокаў, не толькі эканамічныя, моўныя, культурныя, асветніцкія здабыткі нашых продкаў, але і духоўная спадчына нашага народа.
А ў іх ліку – сапраўдная жамчужына жыватворнай святой вады – Блакітная крыніца — бясконцая скарбонка жыццёвай сілы і духу чалавечага, перад якой схіляе галаву кожны, хто пераступае межы яе абсягаў. Каторы ўжо год на Макаўе Блакітная крыніца становіцца месцам паломніцтва і сустрэч жыхароў не толькі розных куткоў нашай неабсяжнай Беларусі, але сустрэчы людзей розных нацыянальнасцей, што згуртоўвае, аб’ядноўвае, умацоўвае сяброўскія сувязі. Вяртаючыся з вышынь духоўнасці да рэчаіснасці сённяшняга жыцця, зазначу і тую непарыўную сувязь нашых суседніх раёнаў, якая ўсталявалася на працягу доўгіх гадоў у плане аказання дапамогі краснапальчанамі жыхарам нашых вёсак за Сожам. У той час, калі на рацэ здымаецца пантонны мост і шэраг населеных пунктаў Слаўгарадскага раёна застаецца адрэзаным ад яго асноўнай часткі, братэрская падтрымка і таварыская дапамога жыхарам Слаўгарадчыны і ў медыцынскім, і ў гандлёвым, і ў бытавым абслугоўванні вельмі адчувальная. Асобныя словы падзякі хочацца выказаць усім, хто мае дачыненне да арганізацыі працэсу навучання нашых дзетак у Гарадзецкай школе. Там яны свае, родныя, без усялякага раздзялення і межаў.
Такімі ж сяброўскімі стасункамі аб’яднаны і калектывы нашых раённых газет: слаўгарадскай “Прысожскі край” і краснапольскай “Чырвоны сцяг. Краснаполле”. Адметна тое, што ў абедзвюх раёнках сёлета юбілей. З тым толькі адрозненнем, што ў Краснаполлі 80-годдзе газеты будуць адзначаць у сакавіку, а на Слаўгарадчыне – у маі. Я з цікавасцю сачу за тым, як у вашай раённай газеце асвятляецца юбілейная тэматыка з нагоды свята. Цікаўнасць выклікае гістарычны экскурс па выпусках раёнкі мінулых гадоў. Мне вельмі імпануе тое, што вы паказваеце здабыткі 60 – 90 гадоў, калі жыхары краснапольскага краю маюць магчымасць параўнаць дзень учарашні і сённяшні, вярнуцца ва ўспамінах у былыя гады. А таксама выступленні паза-штатных аўтараў, кіраўнікоў, ветэранаў, калег-журналістаў з нагоды юбілейнай даты. Напярэдадні слаўнага юбілею шчыра віншую калектыў раённай газеты “Чырвоны сцяг. Краснаполле” і ўсіх, хто мае дачыненне да выдання раёнкі, яе пазаштатных аўтараў, ветэранаў журналістыкі і друкарскай справы са святам. Зычу ўсім творцам краснапольскага краю шчасця, здароўя, новых творчых поспехаў і здабыткаў!
Поделиться с друзьями
250 просмотров

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *