ДА 80-ГАДОВАГА ЮБІЛЕЮ РАЁННАЙ ГАЗЕТЫ
Раёнка
напярэдадні свята
У жыцці кожнага чалавека ёсць падзеі і даты, не памятать аб якіх немагчыма. Калі атаесамляць сродкі масавай інфармацыі і, у прыватнасці, газету, з жывой істотай, са сваімі гістарычнымі падзеямі і датамі, то для краснапольскай раёнкі дзень 12 сакавіка 2012 года адметны. Газеце споўніцца 80 год. Так, менавіта столькі гадоў назад у далёкім 1932 годзе ў свет выйшаў першы нумар нашай раёнкі, газеты, якая на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў застаецца вашым субяседнікам, дарадчыкам і шчырым сябрам, паважаныя чытачы.
На жаль, час — рэч няўмольная, і калі самі людзі не імкнуцца захаваць на працягу шэрагу гадоў дакументы, маючыя пэўную гістарычную каштоўнасць, рэчы, якія б сведчылі аб той ці іншай падзеі, успаміны сведкаў, то да нас, нашчадкаў, даходзяць толькі скупыя лічбы ды факты. Прыкладна так адбылося і з нашай раённай газетай. Таму і звесткі аб тых, хто стаяў ля вытокаў выдання, хто яны, першыя супрацоўнікі, якімі былі першыя нумары газеты, самыя мінімальныя. Вядома толькі, што першым рэдактарам газеты “Чырвоны сцяг” (менавіта такую назву атрымала раёнка ў год свайго заснавання) быў Пётр Васілеўскі. Як сведчаць радкі гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць. Краснапольскі раён”, укладальнікам якой з’яўляецца Г.Л. Напрэеў, першым карэспандэнтам раённага радыё (радыёарганізатарам) пры рэдакцыі раённай газеты з канца лютага — пачатку сакавіка 1935 года (больш дакладных даных не захавалася) да сярэ-дзіны 1935 года працаваў Іван Гараўскі. На той час ён сумяшчаў гэтую пасаду (па запрашэнню П.А. Васілеўскага) з пасадай палітінспектара раённага аддзела народнай адукацыі.
У тыя далёкія гады актыўным селькорам раённай газеты з’яўляўся Пятрусь Бядулін з вёскі Дзернавая – паэт Краснапольшчыны, вершы якога друкаваліся ў Мінску і, як зазначае ў сваёй кнізе “Землякі” краязнаўца Л.В. Лабаноўскі, былі нават у школьным падручніку для пачатковых класаў. “Калі ў 1932 годзе ў Краснаполлі пачала выходзіць раённая газета “Чырвоны сцяг”, 20-гадовы Пятрусь Бядулін быў запрошаны яе рэдактарам П.А. Васілеўскім на працу ў рэдакцыю. Пісаў артыкулы аб розных падзеях у жыцці раёна, але часцей вершы, якія друкаваліся нават у абласных і рэспубліканскіх газетах”.
Яшчэ адна знакамітая асоба, чыё жыццё непарыўна звязана з Краснапольшчынай і краснапольскай газетай, – заслужаны работнік культуры БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы паэт з Высокага Борку Аляксей Васільевіч Пысін.
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны пачаў друкаваць свае допісы і вершы ў раёнцы яшчэ адзін наш знакаміты зямляк з в. Горанка пісьменнік Мікалай Гаўрылавіч Ткачоў.
Таксама з газеты “Чырвоны сцяг” пачалося жыццёвае станаўленне заслужанага работніка культуры БССР ураджэнца в. Стайкі пісьменніка Сцяпана Іванавіча Кухарава. Першы яго допіс раёнка апублікавала ў 1934 годзе.
Таленавіты журналіст, края-знаўца, літаратар, лаўрэат прэміі “Чалавек года” Магілёў-скага аблвыканкама Міхась Аляксеевіч Карпечанка, які зараз працуе рэдактарам Бялы-ніцкай газеты “Зара над Друццю”, таксама некалі першыя свае творы друкаваў у нашай раёнцы, бо ён — мясцовы, з Бо-ліна.
Іван Антонавіч Ласкоў. Гэтае імя адкрыў для многіх нястомны працаўнік, чалавек, улюбёны ў родную Краснапольшчыну і яе людзей, — Леанід Васільевіч Лабаноўскі, які сам на працягу многіх дзесяцігоддзяў друкаваў свае творы ў раённай газеце, а затым сабраў іх у кнігі.
Пісьменнік Іван Ласкоў, які пасля заканчэння літаратурнага інстытута імя Горкага ў Маскве пераехаў жыць і працаваць у далёкую Якуцію, таксама мае дачыненне да раённай газеты “Чырвоны сцяг”. У пасляваенныя гады разам з маці ён жыў у вёсцы Беразякі і яшчэ школьнікам супрацоўнічаў з раёнкай.
Непарыўную сувязь з гісторыяй раённай газеты маюць жыццёвыя пуцявіны нашага земляка, ураджэнца вёскі Асінаўка пісьменніка Анатоля Сяргеевіча Казлова. Пэўны час ён працаваў у краснапольскай раёнцы. Вучыўся ў аспірантуры і пераехаў у Мінск. Затым рэдагаваў газету “Літаратура і мастацтва”. Зараз працуе ў часопісе “Маладосць”.
Пералік знакамітасцей, атрымаўшых пуцёўку ў жыццё дзякуючы краснапольскай газеце, адны з якіх рабілі тут першыя крокі, а іншыя адточвалі сваё майстэрства, каб расправіць крылы і заявіць пра свой талент ва ўвесь голас, будзе не поўным, калі не дадаць пра тых, хто дзесяцігоддзямі жыў і працаваў разам з краснапальчанамі, каго многія з вас, паважаныя чытачы, добра ведаюць і памятаюць. Асабліва людзі сталага ўзросту. У ліку такіх выдатны журналіст былы супрацоўнік раёнкі Сямён Сямёнаў, Іван Бібікаў, Сцяпан Церахаў, таленавітыя мясцовыя паэты Галіна Яўсеенка і Яўген Талкачоў, на вершы якіх кампазітар Колкер напісаў для нашай зямлячкі Марыі Пахоменкі песню аб Краснаполлі; супрацоўніцы газет “Магілёўскія ведамасці” і “Беларускі час” Фаіна Дуброўская і Таццяна Лазоўская; былыя рэдактары Аляксандр Ісачанка, Віктар Юшкевіч і Фёдар Ганчароў; былыя супрацоўнікі Уладзімір Мазілін, Галіна Ісаева, Валянціна Кулягіна, Васіль Чарткоў, Мікалай Хобатаў, Пётр Дзетліковіч, Людміла Варапаева, Сяргей Юрчанка, Іван Ткачоў і іншыя. Усе яны на старонках раённай газеты апавядалі сваім чытачам пра самыя значныя падзеі на Краснапольшчыне і цікавых людзей, тым самым фіксуючы адметныя факты і рэчаіснасць гістарычнага жыцця раёна на канкрэтным адрэзку часу, а неўзабаве і самі сталі гісторыяй. Гісторыяй газеты, у якой працавалі, аддавалі агульнай справе часцінку сябе, фарміруючы грамадскую думку, выкладаючы на паперу свае перакананні, раскрываючы сэрца насустрач свету і дабрыні, бо самі былі і застаюцца такімі. Таму і сёння, праз дзесяцігоддзі, кожнае іх шчырае і ўзнёслае слова нясе людзям гэты свет праўды, чалавечнасці і дабрыні.
З надыходзячым вас юбілеем, былыя супрацоўнікі раёнкі, паважаныя чытачы і дарадчыкі газеты! Запрашаем кожнага з вас падзяліцца ўспамінамі аб тым, што звязвае вас з раённай газетай “Чырвоны сцяг. Краснаполле”, выказаць свае меркаванні і пажаданні творчаму калектыву і газеце, распавядаць аб людзях, якія маюць дачыненне да раёнкі ці падзей, звязаных з ёю. Чакаем вашых допісаў і фотаздымкаў, будзем рады новай сустрэчы з вамі.
Тамара БРАТАЧКІНА.