Тут жыцця майго выток…

Творчасці А.В. Пысіна прысвячаецца

“Тут жыцця майго выток…”

Пад такой назвай у канцы першай дэкады верасня ў Цэнтры культуры адбыўся літаратурны вечар, прысвечаны творчасці нашага земляка паэта Аляксея Васільевіча Пысіна. Утульна, па-дамашняму аформлена было ў той день фае ўстановы культуры, у якім за столікамі размясціліся аматары і прыхільнікі творчасці А.В. Пысіна. Быццам жывы глядзеў на прысутных з партрэта Аляксей Васільевіч. І нават здавалася, што ён з задавальненнем прымае ўдзел у вечарыне. Стварэнню адчування прысутнасці яго садзейнічала і ціхая фонавая музыка, калі пранікнёна гучалі словы дыктарскага тэксту аб тым, што “ўспомніць  яшчэ зорку свет,  бо ў  сэрцах гарыць яе след. Так свабодна, так ярка пражыць – лепшай долі няма на зямлі. Усё кругом на момант асвяціць і пагаснуць у цёмнай  імгле. Усе знікае, праходзіць, як дым, светлы ж след будзе вечна жывым”.
І сапраўды, светлы свет, які пакінуў пасля сябе Аляксей Васільевіч Пысін, жыве ў народзе, жыве з пакалення ў пакаленне, бо паэт – равеснік усім пакаленням, і яго бачанне сапраўднасці – простае, даходлівае і вельмі ўражваючае, закранаючае самыя патаемныя стрункі душы. А таму, як сведчыў вядучы вечара словамі верша аднаго з беларусіх паэтаў,

…Не знікне у папяровым забыцці
Радок з адвечнай думкаю ягонай.
Схіліся, жыта! Ён жа пры жыцці
Саромеўся ўвагі і паклонаў.

Нарадзіўся Аляксей Васільевіч Пысін 22 сакавіка 1920 года ў вёсцы Высокі Борак нашага раёна, дзе прайшло яго дзяцінства і дзе ён закончыў сямігодку, а затым хадзіў за восем кіламетраў у Палужскую сярэднюю школу. І калі аднойчы ўжо ў сталым узросце ляцеў на самалёце на вышыні васьмі тысяч метраў, пад незвычайным вуглом у вершы прыпомніў далёкае мінулае:

Пад намі – восем кіламетраў
Ад поля, лесу і хацін,
А я за восем кіламетраў,
Ажно за восем тысяч метраў
У школу з хлопцамі хадзіў.
Дарога доўгая такая,
То дождж, то вецер падганяе,
А Палуж Першая, Другая
Па загуменні прапускае.
Каб не спазніўся на ўрок –
Звініць, звініць ужо званок.
Ад яблынь дзедавых узнята
Дарога ў неба і напята,
Там дзесьці ўнізе – наша хата,
Маўклівы дуб, што мне за брата.
І сад стары, і новы плот,
А школа тут, дзе самалёт…

Ну хто яшчэ змог бы сказаць так, як сказаў Аляксей Васільевіч Пысін! Вельмі простыя, але вершаваныя словы адразу ж западаюць у душу і сэрца, бо гэткія восем – дванаццаць кіламетраў да школы пехатою добра памятае даваеннае, ды і пасляваеннае пакаленне.
А колькі любові ў творах паэта да родных мясцін! У аўтабіяграфічным нарысе ёсць такое яго прызнанне: “Калі ўспамінаю маленства і раннія юнацкія гады, перш за ўсё чамусьці прыгадваю крыніцы. Мусіць нідзе не было столькі крыніц, як у ваколіцах нашай вёскі Высокі Борак. То яна б’е з замшэлага пазелянеўшага зруба, то струменіць адкуль-небудзь з-пад  горкі ці проста ўзнікае там, дзе конь ступіў…”.

І радкі з нагоды гэтага ў вершы аб крыніцах:
Плюскоча, калышыцца, б’ецца,
Не замярзае ў снягах,
Як быццам магутнае сэрца
Б’е ў зрубе – кляновых грудзях.

Згадзіцеся: хто яшчэ знайшоў бы гэткія параўнанні, як не Аляксей Васільевіч Пысін, для якога менавіта вёска са сваёй мілагучнай беларускай гаворкай стала вялікім народным універсітэтам з факультэтамі роднай мовы, народнай песні і наогул народнага жыцця.
На пачатку Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Васільевіч Пысін працаваў літаратурным супрацоўнікам Бельскай раённай газеты ў Заходняй Беларусі, куды яго накіравалі ў 1939 годзе пасля заканчэння двух курсаў Мінскага камуністычнага інстытута журналістыкі. І з першых дзён вайны паэт – на фронце.  Ён – у ліку тых, хто абараняе родную зямлю, параненую полымем і металам, гаруе разам з ёю яе гора, здабывае нялёгкую перамогу. Цяпер  ужо з-пад пяра паэта выходзяць радкі ваеннай тэматыкі, пранікнутыя глыбокім перажываннем аб заўчасна загінуўшых, як, да прыкладу, радкі, што бяруць за жывое:

Ляглі сябры ва ўсім паходным,
Гарматы сціхлі. Цішыня…
Што сніцца ім пад небам родным
На досвітку,  ў пачатку дня?
Над імі жаўранак цвіркоча,
Трапеча, долу дастае.
Нібы падняць забітых хоча,
Ды толькі сілы не стае.
Вясковае жыццё, а затым ваеннае ліхалецце навучылі паэта даражыць такімі паняццямі, як жыццё, маці, Радзіма. Якраз у час вайны перад яе жахлівымі сіламі   знішчэння набылі асаблівы сэнс і вагу словы, высказаныя паэтам: “Усё, што думаў  я пра маці, для Радзімы паўтару”.

Уласнае існаванне ў каротка адпушчаных зямных граніцах прыводзіць паэта да думкі аб вечным жыцці прыроды, аб нашай еднасці з ёю і нашай адказнасці за яе, якая толькі і можа праявіцца ў чуйнасці, дабрыні і адчуванні прыгажосці. Менавіта таму ў творчасці А.В. Пысіна мы знаходзім глыбінную аснову – сувязь з роднай зямлёй, якая поіць жыватворнымі сокамі творчую думку паэта, бо ён, ідучы па дарозе жыцця, убіраў у сябе і звязваў у адно цэлае задуменны гоман лясоў і шум збажыны на палетках, блакіт азёраў і задушэўнасць народных песень. І ўсё гэта цесна перапляталася з лёсам людскім.
Аб сваім знаёмстве з паэтам падзялілася на сустрэчы былая супрацоўніца раённай газеты “Чырвоны сцяг. Краснаполле” Галіна Мікалаеўна Яўсеенка.
Кіраўнік музея Аляксея Васільевіча Пысіна пры ДУА “Палужскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя  школа” Лідзія Мікалаеўна Пшанічнікава расказала аб той рабоце, якая праводзіцца па прапагандзе творчасці паэта-земляка і запрасіла наведаць установу.
Ветэран працы Антаніна Андрэеўна Нікіфарава нагадала ўдзельнікам вечара аб наведванні магілы А.В. Пысіна, а галоўны спецыяліст аддзела культуры Тамара Васільеўна Марковіч выказала думку аб тым, што такія вечарыны,  прысвечаныя творчасці знакамітых людзей, а тым больш сваіх землякоў, трэба праводзіць часцей, бо яны далучаюць кожнага з яго ўдзельнікаў да сакавітага  роднага слова, якім добра валодаў Аляксей Васільевіч Пысін.
На вечарыне таксама выступілі настаўніца ДУА “Сярэдняя школа г.п.Краснаполле” Наталля Уладзіміраўна Карпава, старшыня раённага савета ветэранаў Фёдар Фёдаравіч Ганчароў, ветэран працы Сяргей Сяргеевіч Лемцюгоў.
Самы непасрэдны ўдзел у правядзенні мерапрыемства прынялі настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Пачапоўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа” Людміла Міхайлаўна Кажамяка і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце УА “Краснапольская раённая дзяржаўная гімназія” Дзяніс Уладзіміравіч Кустаў.
А “вязалі” мерапрыемства ў адзінае цэлае – творчае, пранікнёнае – работнікі Цэнтра культуры Ірына Коцелева і Павел Шаўлякоў, на працягу якога гучалі не толькі вершы А.В. Пысіна, але і іншых беларускіх паэтаў, а таксама лірычныя народныя  песні на беларускай і рускай мовах.

А закончыць хацелася  б словамі Аляксея Васільевіча Пысіна:
Дзякуй, дзякуй, свет мой белы,
Што бацькоўскі ёсць парог,
Што сустрэчу мне збярог…
Які глыбінны змест закладзены ў простых словах!

Валянціна МУКАЛАВА.
Поделиться с друзьями
720 просмотров

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *